Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фёдар Лук’янаў: Спроба ператварыць Беларусь у акругу Расеі пагражае адваротным вынікам


Фёдар Лук’янаў
Фёдар Лук’янаў

Расейскі экспэрт Фёдар Лук’янаў — журналіст-міжнароднік, палітоляг, галоўны рэдактар часопісу «Россия в глобальной политике». У інтэрвію рэсурсу mk.ru ён расказаў, як Расея можа выбрацца з тупіку, у які трапіла ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

На думку Лук’янава, цесныя адносіны Расеі зь Беларусьсю абсалютна неабходныя з гледзішча бясьпекі Расеі:

— Я думаю, што так. Ёсьць геапалітычныя законы жанру, якія немагчыма адмяніць. Калі адносіны з Захадам у нас гістарычна канкурэнтныя і менавіта з заходняга боку да нас прыходзілі самыя магутныя ваенныя пагрозы, то чакаць, што Расея скажа «няма пытаньня, гэта ўжо больш ня важна», не выпадае. Можна колькі заўгодна гаварыць пра тое, што ўсё гэта параноя расейцаў, якую яны ўсяляк разьдзімаюць для вырашэньня нейкіх сваіх задач. Але, як кажа жарт, які прыпісваюць розным людзям, улучна з Генры Кісынджэрам, калі вы параноік, гэта яшчэ ня значыць, што за вамі ня сочаць.

Пытаньне ў іншым. Якія мэтады гарантаваньня нашай бясьпекі на беларускім кірунку лічыць аптымальнымі? Адна крайнасьць — казаць, што пакуль Беларусь ня будзе часткай нашай краіны, мы ня будзем у бясьпецы. І ўсё. Хоць ты трэсьні, але трэба назад займець Беларусь і Ўкраіну ў рамках нашых межаў. Ёсьць іншая крайнасьць — маўляў, чаго мы ўпёрліся, цяпер гэта наагул неістотна! Давайце лепш зоймемся нечым добрым (або нечым дрэнным), але ў іншых месцах!

— Крайнасьці вы апісалі. Але які ўсё ж аптымальны спосаб вырашэньня праблемы?

— Чаму тое, што адбываецца ў Беларусі, выклікае ў нас такую нэрвознасьць? Таму, што, як ні круці, гісторыя трывала сядзіць у нашых галовах.

Беларусь — гэта цяпер прастора нашай вострай канкурэнцыі з той дзяржавай, якая хай трыста-чатырыста гадоў таму, але была нашым галоўным ворагам. Цяпер за гэтай дзяржавай — Польшчай — стаіць адзіная Эўропа. Я вельмі спадзяюся, што мы дайшлі да той фазы нашай трансфармацыі, што крайнасьць «пакуль Беларусь ня стане нашай Заходняй фэдэральнай акругай, нам ня будзе спакою» больш не разглядаецца як рэальны палітычны курс. Гэта пагражае адваротным вынікам.

Разам з тым забесьпячэньне таго, каб Беларусь была шчыльна інтэграваная з Расеяй эканамічна, а яе ўлады ўлічвалі нашы палітычныя інтарэсы і заклапочанасьці, жыцьцёва неабходнае. У якой ступені вырашэньню гэтай задачы цяпер спрыяе Лукашэнка — частка наступнай дыскусіі. Але аб’ектыўна там няма ніякай альтэрнатывы, на якую Расея магла б абаперціся.

— Выходзіць, што ў Беларусі мы апынуліся ў тупіку? Няма на каго рабіць стаўку, акрамя Лукашэнкі, а стаўка на Лукашэнку азначае, што ад нас будзе паступова адварочвацца беларускі народ?

— У Беларусі цяпер для нас, безумоўна, ёсьць сытуацыя свайго роду цугцвангу. Няўменьне Расіі працаваць з грамадзтвамі цяпер крытыкуюць усё запар. Я не крытыкую. Я мяркую, што мы ня проста гэтага ня ўмеем і не навучымся. Амэрыканцы ўмеюць, эўрапейцы ўмеюць. А ў нас іншыя вартасьці.

Вы пытаецеся, чаму я ўпэўнены, што мы ня зможам зьліквідаваць гэты наш недахоп? Бо мы ня ўмеем працаваць і са сваім грамадзтвам. А як мы можам пасьпяхова працаваць зь беларускім або ўкраінскім грамадзтвам, ня ўмеючы працаваць са сваім? Так не бывае.

Усе цяпер кажуць: Расея нешта там фінціць і хоча пасадзіць на месца Лукашэнкі нейкую сьвежую выгадную ёй фігуру. Але, калі мы паглядзім на трыццаць гадоў постсавецкай гісторыі, на жаль, ня ўбачым ніводнага выпадку, калі Расея ў суседняй краіне прывяла б да ўлады патрэбнага ёй лідэра.

Бывала, што да ўлады прыходзілі лідэры, якія нам на той момант пасавалі: Гейдар Аліеў, Кучма, Януковіч, які лічыўся прарасейскім. Але іх прыход да ўлады ня быў нашай заслугай, працавала ўнутраная лёгіка разьвіцьця гэтых краін. Паўтараю: не было да гэтага прэцэдэнту, калі мы прыводзілі б да ўлады ў былым СССР выгаднага для нас палітыка. Калі такі прэцэдэнт зьявіцца ў Беларусі, гэта будзе выдатна. Але ў мяне няма вялікага аптымізму на гэты конт.

— Але мы ж ня можам проста здацца і прызнаць нашу няздольнасьць нешта зрабіць на беларускім кірунку?

— Актыўная частка беларускага грамадзтва рэжым Лукашэнкі больш ня прыме. Яна можа на нейкі час зьмірыцца зь яго існаваньнем — ня больш за тое. Але, рэалістычна разважаючы, Расея ня можа зрабіць рэзкі разварот у сваёй палітыцы. Гэтага рабіць ня трэба.

Тэарэтычна можна, вядома, падтрымаць Каардынацыйную раду апазыцыі. Але, прыйшоўшы да ўлады, яна выставіць эўрапейскі сьцяг і скажа «дзякуй, вось за гэта мы і змагаліся!» Не варыянт. У чым тады варыянт? Цяпер неабходна мець вельмі дакладнае разуменьне таго, што менавіта адбываецца ў Беларусі — прычым нават ня столькі ў грамадзтве, колькі ў кіроўным канглямэраце. Калі зьявіцца такое разуменьне, стане зразумела, якая ў нас ёсьць прастора для манэўру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG