Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заявіла, што хоча сустрэцца з Пуціным


Святлана Ціханоўская. Бэрлін, кастрычнік 2020 году. Здымак зроблены пасьля сустрэчы Ціханоўскай з канцлеркай ФРГ Ангелай Мэркель.
Святлана Ціханоўская. Бэрлін, кастрычнік 2020 году. Здымак зроблены пасьля сустрэчы Ціханоўскай з канцлеркай ФРГ Ангелай Мэркель.

Паводле Ціханоўскай, праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі імкнуцца кантактаваць з Расеяй як важнай суседкай.


Лідэрка беларускай апазыцыі Святлана Ціханоўская хацела б сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Пра гэта Ціханоўская заявіла ў інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода.

«Мы хацелі б выказаць свой пункт гледжаньня, хацелі б пачуць пазыцыю Расеі ў беларускім пытаньні. Мы суседзі. І мы будзем працягваць нашы адносіны і ў будучыні. Я хацела б пагаварыць. І беларусы гэтага вельмі чакаюць. Не падтрымкі рэжыму (Лукашэнкі), а заявы пра беларусаў, пра наша жаданьне будаваць сваю будучыню разам, а не намаганьнямі аднаго чалавека», – сказала Ціханоўская.

Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з абвешчанай ЦВК перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі 9 жніўня. Пуцін зрабіў гэта на наступны дзень пасьля галасаваньня, калі ў Беларусі пачаліся масавыя пратэсты супраць фальшаваньня вынікаў выбараў.

«Павіншаваць ён павіншаваў. Але вы ведаеце, мне здаецца, што Расея таксама не чакала, што пратэставы рух (Беларусі) на гэты раз будзе моцным і мы пойдзем на перамогу, бо ў вачах беларусаў Лукашэнка нелегітымны. І гэтая барацьба, гэты рух пратэсту супраць хамства, непавагі і антыгуманнасьці ўжо цяпер. Вы разумееце? У той час ніхто не чакаў, што гэта адбудзецца. Толькі беларусы самі ведалі, што гэтым разам усё будзе інакш. І, як мы бачым, тады Расея падтрымлівала рэжым (Лукашэнкі). Але цяпер нейкі працэс чаканьня. Няма актыўнай падтрымкі (з боку Расеі)», – сказала Ціханоўская.

Да гэтага часу, як заявіла лідэрка беларускай апазыцыі, з боку Крамля не паступала сыгналаў аб магчымай яе сустрэчы з Пуціным.

У Крамлі казалі, што кантактаў зь Ціханоўскай не плянуецца

У кастрычніку 2020 году прэсавы сакратар расейскага кіраўніка Сяргей Пяскоў казаў, што кантактаў Пуціна са Сьвятланай Ціханоўскай не плянуецца.

Такім чынам Пяскоў адказаў на пытаньне, ці азначаюць словы Пуціна, што Масква «ў кантакце з усімі ўдзельнікамі, з усімі бакамі канфлікту» ў Кіргізстане, што падобны кантакт магчымы і з апазыцыяй у Беларусі.

«Спадарыня Ціханоўская не знаходзіцца ў Беларусі, наўрад ці можна сказаць, што яна неяк удзельнічае ў жыцьці Беларусі, — сказаў Пяскоў. — Якіх-небудзь кантактаў не плянуецца».

У той жа час Ціханоўская паведаміла Радыё Свабода, што плянуе наведаць Украіну «ў найбліжэйшы час». Дата такога візыту ўзгадняецца з Кіевам, апазыцыянэрка сказала, што размаўляла пра гэта зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітрыем Кулебам.

Сьвятлана Ціханоўская ўжо сустракалася зь лідэрамі Аўстрыі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Францыі і іншых дзяржаў. Яна заявіла, што атрымала запрашэньне на сустрэчу ад новаабранага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG