Кіраўнік ураду праанансаваў «мадыфікацыю» дэкрэтнага водпуску і пэнсійную рэформу

Раман Галоўчанка

Дзяржаўная падтрымка на фоне пандэміі склала каля 2 млрд рублёў, паведаміў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка ў Палаце прадстаўнікоў.

«Гэта аб’ём стымулаў і захадаў, якімі дзяржава падтрымала і грамадзян, і арганізацыі ў няпростай сытуацыі. Лічу, што для нашай краіны сума значная», — цытуе чыноўніка БелТА.

Ён таксама праінфармаваў, што дзеяньне ўказу № 143 «Аб падтрымцы эканомікі» плянуецца падоўжыць на паўгода. Паводле Галоўчанкі, дзяржаўная падтрымка склала каля 65 млн рублёў, асноўны блёк — падатковыя льготы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчымы ў Беларусі эканамічны дэфолт і што гэта значыць

Таксама кіраўнік ураду расказаў, што абмяркоўваецца пытаньне аб скарачэньні дэкрэтнага водпуску.

«Пытаньне аб мадыфікацыях дэкрэтнага водпуску пакуль у стадыі выпрацоўкі опцый. Любое рашэньне будзе прымацца пасьля яго ўсебаковага вывучэньня і абмеркаваньня, у першую чаргу з дэпутацкім корпусам», — запэўніў ён, адзначыўшы, што ў Беларусі дзейнічае «адзін з самых вялікіх набораў ільгот пры нараджэньні дзяцей».

Адзін з варыянтаў «мадыфікацыі» — пакінуць трохгадовы дэкрэтны водпуск, але аплачваць толькі два гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка скасаваў пэнсіі для тых, каго ён пазбавіў дыпляматычнага рангу

Насьпеў час перафарматаваць і пэнсійную сыстэму, выказаў перакананьне Раман Галоўчанка.

«Для гэтага будзе максымальна задзейнічаны мэханізм прыватных пэнсійных зьберажэньняў і карпаратыўных праграмаў наймальнікаў», — удакладніў старшыня Савету міністраў.

У прыватнасьці, па яго словах, адпрацоўваюцца падыходы дзеля падтрыманьня сярэдняй пэнсіі па ўзросьце не ніжэй за 40% ад сярэднямесячнага заробку па краіне.

Для работнікаў бюджэтнай сфэры, зыходзячы з магчымасьцяў бюджэту, прадугледжана паэтапнае падвышэньне памеру базавай стаўкі. У рэальным сэктары эканомікі будзе захаваны прынцып зарабляньня грошай праз рост прадукцыйнасьці працы.