Звыш 370 затрыманых на акцыях пратэсту ў Беларусі 22 лістапада

Затрыманьні падчас пратэставага маршу ў Менску 22 лістапада

У нядзелю 22 лістапада ў Беларусі заклікалі да традыцыйнай акцыі пратэсту супраць сфальшаваных выбараў 9 жніўня і гвалту.

Як толькі людзі пачалі зьбірацца ў сваіх мікрараёнах у калёны, сілавікі пачалі затрымліваць дэманстрантаў і выкарыстоўваць спэцсродкі супраць іх.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў больш за 370 прозьвішчаў затрыманых у гэты дзень на акцыі ў Менску, а таксама ў іншых гарадах Беларусі на рэгіянальных акцыях. Сьпіс гэты абнаўляецца і дапаўняецца.

Менская міліцыя пацьвердзіла затрыманьне больш як 200 чалавек у Менску.

Вядома, што на Каменнай Горцы сярод іншых затрымалі доктара-рэаніматоляга Зьмітра Салошкіна зь непаўналетнім сынам Якубам. У Заслаўі затрымалі 83-гадовага мужчыну Максіма Радзіна. А 13:30 стала вядома, што затрыманага доктара Зьмітра Салошкіна з сынам выпусьцілі, склаўшы на яго пратакол. У Берасьці затрымалі 63-гадовую Алену Гнаўк разам з сынам.

Як паведаміў тэлеграм-канал «Водители 97», адзін з затрыманых Ягор Камісараў накіраваны ў менскі шпіталь хуткай дапамогі ў непрытомным стане з раёна Нацыянальнай бібліятэкі.

Затрыманы таксама саліст гурта «Петля Пристрастия» Ільля Чарапко-Самахвалаў. Гэта пацьвердзіла ягоная жонка.

Сярод затрыманых у Менску — Дзяніс Урбановіч, старшыня «Маладога фронту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на маршах пратэсту затрымалі музыкаў гуртоў «Петля Пристрастия» і «Аддис-Абеба»

Затрыманьні адбываліся ў асноўным у Менску, а таксама ў Наваполацку і Заслаўі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі ў Менску выкарысталі спэцсродкі супраць дэманстрантаў. ВІДЭА