Расея забараніла ўезд 25 прадстаўнікам Вялікай Брытаніі

Марыя Захарава

Расея забараніла ўезд на сваю тэрыторыю 25 прадстаўнікам Вялікабрытаніі. Пра гэта заявіла ў суботу прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава.

Па яе словах, гаворка ідзе пра адказ на ўведзеныя раней брытанскімі ўладамі санкцыі супраць 25 расейскіх афіцыйных асоб па «справе Магніцкага». Захарава назвала гэтыя санкцыі «спробай умяшаньня ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы і аказаньня ціску на расейскую сыстэму правасудзьдзя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская запускае працэс прызнаньня ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі

Сьпіс расейцаў, якія падпалі пад санкцыі Лёндана, быў апублікаваны на пачатку ліпеня. У яго ўключаныя людзі, якіх Брытанія лічыць датычнымі да крымінальнага перасьледу і гібелі ў СІЗА Масквы юрыста Сяргея Магніцкага ў 2009 годзе. У сьпісе, у прыватнасьці, кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін і судзьдзя Аляксей Крываручка. Гэта першыя санкцыі, уведзеныя Вялікай Брытаніяй супраць замежных грамадзян пасьля яе выхаду з ЭЗ.

Сьпіс брытанскіх грамадзян, якія падпалі пад расейскія санкцыі, не апублікаваны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзясяткі мільёнаў расейцаў глядзяць на вас з надзеяй». Шэндэровіч запісаў відэазварот да беларусаў