Карпянкоў стаў намесьнікам міністра ўнутраных спраў — камандзірам унутраных войскаў

Сьлавікі разганяюць нядзельны пратэст у Менску на Нямізе, 23 верасьня. Кіраўнік ГУБАзіК Мікалай Карпянкоў — у цэнтры.

Лукашэнка прызначыў палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова намесьнікам міністра ўнутраных спраў — камандзірам унутраных войскаў.

Раней Карпянкоў узначальваў Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.

ГУБАЗіК актыўна ўдзельнічаў у жорсткіх разгонах мірных акцый пратэсту. Палкоўнік Карпянкоў асабіста браў удзел у вулічных «апэрацыях», разьбіў шкляныя дзьверы кавярні, дзе хаваліся пратэстоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ГУБАЗіК Карпянкоў заявіў, што «бандытаў», якія нападаюць на сілавікоў, «жыўцом браць ня будуць»

Ранейшага камандзіра ўнутраных войскаў Юрыя Назаранку Лукашэнка павысіў да першага намесьніка міністра.

Да сёньня першым намесьнікам міністра быў Генадзь Казакевіч — начальнік крымінальнай міліцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настаўніца гісторыі зьвярнулася да свайго былога вучня — намесьніка кіраўніка МУС Казакевіча. ВІДЭА

Юры Назаранка скончыў беларускую вайсковую вучэльню, пасьля быў разьмеркаваны ў 1-ю роту спэцыяльнага прызначэньня ў той самай вайсковай частцы 3214, дзе служыў у 1997–2007 гадах. Па заканчэньні навучаньня ў Вайсковай акадэміі быў першым намесьнікам камандзіра вайсковай часткі 5526 у Берасьці. Пазьней, у 2010–2014 гадах, працаваў у Службе бясьпекі прэзыдэнта, потым служыў камандзірам у Спэцыяльным атрадзе хуткага рэагаваньня. Ад 2018 году кіраваў штабам Службы бясьпекі прэзыдэнта. З 2019-га камандаваў унутранымі войскамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым адрозьніваюцца «людзі ў чорным» ад «людзей у аліўкавым». Тлумачым з экспэртам

Лукашэнка сказаў, што правёў ратацыю сілавікоў, бо цяпер для міліцыі галоўны кірунак — грамадзкая бясьпека.

«Сутнасьць цяперашніх прызначэньняў і перастановак у тым, што мы надаём большае значэньне ў МУС сыстэме грамадзкай бясьпекі. Вы, пэўна, гэта заўважылі. Тут ніхто не павінен быць у крыўдзе з ранейшых намесьнікаў, асабліва першага: няма таго, што мы не давяраем камусьці. Проста, зыходзячы з нашага досьведу, сытуацыі ў краіне, апошніх падзей, мы пераконваемся і разумеем, што і ў будучыні грамадзкая бясьпека будзе найважнейшым кірункам работы для нашай міліцыі. Вось і ўсе сакрэты. Каб тут не капаліся і ня думалі, што мы нейкі пераварот робім», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў амбасадарамі былых высокапастаўленых сілавікоў і кіраўніка Мытнага камітэту

Гэта ўжо трэцяя перастаноўка сілавікоў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Тры тыдні таму Лукашэнка прызначыў міністрам унутраных спраў Івана Кубракова (замест Юрыя Караева). А начальнікам менскай міліцыі — Міхаіла Грыба (замест Кубракова).

На пачатку восені, 3 верасьня, Лукашэнка памяняў кіраўнікоў КДБ, Савету бясьпекі, КДК і Менгарвыканкаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Караева памянялі на Кубракова?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зрабіў свайго былога памочніка міністрам культуры