Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўніца гісторыі зьвярнулася да свайго былога вучня — намесьніка кіраўніка МУС Казакевіча. ВІДЭА


Генадзь Казакевіч

Настаўніца гісторыі, сябра экзамэнацыйнай камісіі Акадэміі МУС Беларусі запісала зварот да сваіх былых вучняў. У прыватнасьці, яна асабіста зьвярнулася да намесьніка міністра ўнутраных справаў Генадзя Казакевіча і судзьдзі Марыны Запасьнік.

Настаўніца адзначае, што ў сярэдзіне і канцы 90-х яна была ў экзамэнацыйнай камісіі Акадэміі МУС Беларусі, разам зь іншымі прымала іспыты з гісторыі Беларусі і дакладна ведае, што многія памятаюць яе і яе калег.

«У адным я сумняюся: хлопцы і дзяўчаты, ці памятаеце вы тыя ўрокі гісторыі, якіх не зьмяніць, якія адназначныя і беспаваротныя?» — гаворыць настаўніца.

Яна кажа, што ганарылася сваім вучнямі, дасюль верыць у іх і спадзяецца, што яны «ня здрадзілі асноватворным прынцыпам афіцэрскага гонару і адвагі», заклікае іх не даваць і не выконваць злачынныя загады супраць свайго народу, «каб дагадзіць аднаму чалавеку».

«Запасьнік Марына, узгадай пра сапраўдны закон і права. Ты ж не для гэтага вучылася ў Акадэміі, каб парушыць гэтае права самым бессаромным чынам. Твая маці — цудоўны чалавек. Я не магу ўявіць, як яна перажывае за твае судовыя рашэньні, якія ты выносіш супраць падсудных», — зьвяртаецца яна да судзьдзі Ленінскага раёну Менску Марыны Запасьнік.

Наша Ніва падае імя настаўніцы — Тацяна Монцік. Яна адзначвае, што ўсё жыцьцё вучыла дзяцей гісторыі ў менскіх школах № 34 і 24, і цяперашні першы намесьнік міністра ўнутраных справаў, начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч, які заканчваў школу № 34, быў «адным зь яе любімых вучняў, які цікавіўся гісторыяй і ведаў яе».

«Гена! Я цудоўна ведаю, што ты супраць таго, што цяпер адбываецца. Ты быў адным з маіх найлепшых вучняў. Часта пасьля ўрокаў мы абмяркоўвалі, спрачаліся, аналізавалі гістарычныя падзеі і факты. Ня дай запляміць свой мундзір, свой гонар і сумленьне. Ты ня можаш здрадзіць мне, здрадзіць сваёй сям’і, здрадзіць свайму беларускаму народу. Не забудзь урокі гісторыі. Гэта ўлада ўжо мёртвая. Ты ж ведаеш, што асобы робяць гісторыю. Будзь сьмелым, стань героем для свайго народу», — зьвяртаецца яна да Генадзя Казакевіча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG