Гандбольны клюб «Віцязь» зьнялі з чэмпіянату за падтрымку арыштаванай баскетбалісткі Леўчанкі

Гандбольны клюб «Віцязь»

Падставай да адхіленьня стала грамадзянская пазыцыя спартоўцаў. Яны ня выйшлі на матч, выказваючы нязгоду з затрыманьнем і арыштам баскетбалісткі Алены Леўчанкі.

1 кастрычніка ў офісе Беларускай фэдэрацыі гандболу адбылося сумеснае пасяджэньне спартова-тэхнічнай і галоўнай судзейскай камісій у пытаньні няяўкі 30 верасьня каманды «Віцязь» на матч чэмпіянату Беларусі першага дывізіёну супраць каманды «Машэка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандбольны клюб «Віцязь» скасаваў гульню з прычыны арышту баскетбалісткі Леўчанкі

Як гаворыцца на сайце арганізацыі, прынятыя наступныя рашэньні:

  • Адхіліць каманду «Віцязь» ад далейшага ўдзелу ў XXIX чэмпіянаце і Кубку Рэспублікі Беларусь па гандболе
  • Усе вынікі раней згуляных камандай «Віцязь» матчаў анулююцца.

Дырэктар клюбу «Віцязь» Аляксандар Апейкін у камэнтары для Свабоды выказаў жаль з прычыны падобнага рашэньня, але дадаў, што такі сёньня ў Беларусі «кошт грамадзянскай пазыцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памянялі погляды нават тыя, хто горла драў за Лукашэнку», — на спартоўцаў ціснуць, а яны не здаюцца

«Прыкра, але разам з тым я рады, што „Віцязь“ застанецца ў памяці людзей як годны клюб, а ня кодла шэрых атлетаў», — адзначыў Аляксандар Апейкін.

Напярэдадні дырэктарат «Віцязя» скасаваў гульню з клюбам «Машэка» ў сувязі з арыштам баскетбалісткі Алены Леўчанкі, сябра Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самую вядомую беларускую баскетбалістку асудзілі на 15 сутак арышту за ўдзел у маршах пратэсту

«Лічым арышт Алены Леўчанкі незаконным. У сувязі з гэтым мы ня маем маральнага права выходзіць на пляцоўку. У Фэдэрацыю гандболу накіраваны афіцыйны ліст, у якім клюб „Віцязь“ адмаўляецца праводзіць дамашнюю гульню. Усьведамляючы магчымыя наступствы, сьвядома робім гэты крок, пратэстуючы супраць беззаконьня і гвалтоўнага ціску на грамадзян Беларусі», — было сказана ў заяве.

Баскетбалістку Алену Леўчанку 30 верасьня арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Яе затрымалі ў аэрапорце перад вылетам на плянавае лячэньне і рэабілітацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад мужчынскай годнасьці ў гэтага рэжыму нічога не засталося», — баскетбольная зорка Алена Леўчанка

Праваахоўнікі праігнаравалі афіцыйныя дакумэнты і адвезьлі спартоўку спачатку ў Ленінскае РУУС, а затым у ізалятар на Акрэсьціна. Адтуль асудзілі праз скайп.