Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Памянялі погляды нават тыя, хто горла драў за Лукашэнку», — на спартоўцаў ціснуць, а яны не здаюцца


Аляксандар Апейкін
Аляксандар Апейкін

«Не сумняюся, што большая частка спартоўцаў адмовіцца ад ганебнага мітынгу за Лукашэнку. Магчыма, страцяць працу ці фінансаваньне, але захаваюць сумленьне». Дырэктар гандбольнага клюбу «Віцязь» Аляксандар Апейкін пра маральную рэінкарнацыю беларускага спорту.

Адзін з ініцыятараў адкрытага ліста прадстаўнікоў спартовай галіны з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў расказаў Свабодзе, які ціск чыніцца на падпісантаў і на якую падтрымку пацярпелыя могуць разьлічваць.

«На волі зробіш нашмат больш, чым седзячы ў турме»

Аляксандар Апейкін — інспэктар Эўрапейскай гандбольнай фэдэрацыі ў маркетынгу, дырэктар менскага гандбольнага клюбу «Віцязь». На ўзор свайго калегі Аляксандра Куля з баскетбольных «Цмокаў» татальна беларусізаваў калектыў: усё справаводзтва, рэклямная і публічная палітыка пераведзеныя на беларускую мову.

Ён сам у ліку больш чым 350 падпісантаў, якія асудзілі беспрэцэдэнтны маштаб фальсыфікацыяў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалт сілавікоў над мірнымі пратэстоўцамі. Як і многія актывісты, якія пасьля драматычных падзеяў кінулі выклік сыстэме і атрымалі «чорную метку», цяпер на ўцёках.

Гандбольны клюб "Віцязь"
Гандбольны клюб "Віцязь"

«Пасьля зьяўленьня ліста пачаўся прэсінг, мяне праслухоўвалі, „вялі“. Не сказаць, каб усё гэта моцна напалохала, але было зразумела: само сабою не рассмокчацца і раней ці пазьней чымсьці скончыцца. Ну і знаёмыя, якія працуюць у сыстэме, параілі: будзе лепш, калі на нейкі час зьедзеш. Сэнсу геройстваваць няма: на волі зрабіць можна шмат больш, чым седзячы ў турме. Ведаючы характар беларускай улады, пакуль бясьпечней пабыць недзе побач. Бо каб застаўся ў Менску, усё рызыкавала скончыцца толькі гэтым лістом. Цяпер жа разьвязаныя рукі», — тлумачыць суразмоўца.

За мяжой Аляксандар Апейкін абвесьціў пра заснаваньне «Беларускага фонду спартовай салідарнасьці».

Мэты наступныя:

  • падтрымка прадстаўнікоў галіны, на якіх чыніўся ціск за адкрытае выказваньне грамадзянскай пазыцыі або якія хочуць выказацца, але баяцца рэпрэсіяў;
  • дапамога спартоўцам, якія апынуліся ў складанай жыцьцёвай сітуацыі ці маюць патрэбу ў тэрміновых мэдычных апэрацыях; прыцягненьне ўвагі міжнароднай спартовай грамадзкасьці да праблемаў у Беларусі;
  • дабрачынныя акцыі з удзелам зорак беларускага і ўсясьветнага спорту;
  • каапэрацыя зь бізнэсам для адаптацыі атлетаў пасьля завяршэньня кар’еры.

«Загад перагледзець сьпіс прэзыдэнцкіх стыпэндыятаў»

Паводле спартовага актывіста, неўзабаве такая дапамога можа рэальна спатрэбіцца. Больш за два дзясяткі супрацоўнікаў галіны на мяжы звальненьня, на многіх ціснуць, каб адклікалі подпісы, пагражаюць адабраць іменныя стыпэндыі, скасаваць зборы, выклікі ў зборныя.

«З падпісантамі вядуць прафіляктычныя размовы, на іх чыняць ціск, махаюць перад носам працоўнымі кніжкамі. Зьявілася распараджэньне Міністэрства спорту перагледзець сьпіс тых, хто атрымлівае прэзыдэнцкія стыпэндыі. Даходзіць да таго, што правяраюць акаўнты спартоўцаў, у якой танальнасьці яны выказваюцца пра падзеі. У сутнасьці гэта рэпрэсіі. Таму найпершая мэта фонду — апэратыўна падтрымаць людзей, якія страчваюць фінансавы падмурак, трацяць працу. Тых, хто цярпіць за грамадзянскую пазыцыю», — канстатуе Аляксандар Апейкін.

Дырэктар гандбольнага клюбу "Віцязь" Аляксандар Апейкін
Дырэктар гандбольнага клюбу "Віцязь" Аляксандар Апейкін

«Беларускі фонд спартовай салідарнасьці» працуе на базе агульнай пляцоўкі дапамогі пацярпелым ад рэпрэсіяў — Belarus Solidarity Foundation. А ўжо ў рамках ініцыятывы заснавалі асобную праграму, накіраваную на падтрымку людзей спорту.

«Аўтарытэтныя людзі, якім давярае грамадзтва, не павінны застацца без салідарнасьці, — кажа Аляксандар. — Спартоўцы абараняюць свае погляды, натхняючы на пратэст іншых. Нездарма колькасьць падпісантаў пад лістом расьце — літаральна некалькі чалавек адклікалі іх пад ціскам. Абсалютная большасьць не паддаецца на шантаж, заявіўшы, што ў цяперашняй сытуацыі найменшая з праблемаў — гэта выключэньне з каманды ці пазбаўленьне стыпэндыі. Ну і звычайныя беларусы ўдзячныя сваім кумірам за адкрытае выказваньне пазыцыі. Увесь сьвет сочыць».

Міністэрства спорту спрабуе загасіць незадаволенасьць звыкла — адміністрацыйнымі мэтадамі. 27 жніўня кіраўніцтва ведамства прыйшло ў Рэспубліканскі цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі, дзе атлетам нагадалі пра адказнасьць перад дзяржавай. Раней нацыянальная каманда ў лёгкай атлетыцы выступіла супраць фальсыфікацыі выбараў і выказала абурэньне гвалтам супраць мірных людзей. Чыноўнікаў сустрэлі воклічамі заўзятары: «Спартоўцы — з народам», «Верым! Можам! Пераможам!».

28 жніўня лёгкаатлетаў прымушаюць далучыцца да праўладнага мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, які таксама ўзначальвае НАК Беларусі. Аднак, паводле суразмоўцы, замест прагназаванай масавасьці арганізатары рызыкуюць атрымаць паказальны дэмарш.

Падчас алімпійскіх дзён у Менску
Падчас алімпійскіх дзён у Менску

«Зразумела, ніхто на мітынг ісьці ня хоча. Мала таго, сыход старшыні Беларускай фэдэрацыі хакею Генадзя Савілава наўпрост з гэтым зьвязаны, — ён заявіў, што размахваць сьцягамі не зьбіраецца. Адрозна ад свайго наступніка Дзьмітрыя Баскава. Напісаў заяву на звальненьне і вырашыў для сябе пытаньні. Усе контразахады чыноўнікаў сьведчаць пра адарванасьць ад рэаліяў, неразуменьне настрою людзей. Не сумняюся, што большая частка спартоўцаў адмовіцца ад гэтага ганебнага „зборышча“. Магчыма, страцяць працу ці фінансаваньне, але захаваюць сумленьне».

«Пасьля 9 жніўня ўбачылі, што ўлада ў краіне злачынная»

Яшчэ ў чэрвені, на этапе збору подпісаў за рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты, Аляксандар Апейкін абгрунтаваў у сацыяльных сетках і ў прэсе, чаму спартоўцы падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку. Рабіў прагноз, што будуць галасаваць за яго і гэтым разам. Што зьмянілася?

«Да пэўнага моманту можна было канстатаваць — і гэта ня толькі мая думка, а большасьці калегаў: для спорту як асобнай галіны зроблена шмат, — тлумачыць ён. — Узьведзеныя аб’екты інфраструктуры, забясьпечаныя фінансавая падтрымка, дзяржаўныя гарантыі. Але ўсё кардынальна памянялася. Карціна сёньняшняга дня ня мае нічога агульнага з былымі заслугамі. Пасьля 9 жніўня мы ўбачылі, што адбываецца злачынства. Таму памянялі свае погляды нават тыя, хто „тапіў“ за Лукашэнку. Прыклад таго ж Вадзіма Дзевятоўскага. Дык гэта вядомы факт, а колькі прыхаваных?»

На думку Аляксандра Апейкіна, спробы функцыянэраў пераламіць сытуацыю бясплённыя: занадта шмат фатальных памылак нарабіла ўлада, каб аднавіць паўнавартасны дыялёг.

«Людзі ня хочуць працаваць з сыстэмай, якая агаліла свае найгоршыя бакі. Размова пра відавочныя рэчы. Перш за ўсё — парушэньне Канстытуцыі. З настолькі нахабнай фальсыфікацыяй нават памяркоўныя беларусы не маглі зьмірыцца. Абурыла, што з нашай думкай ня сталі нават лічыцца. Па-другое, беспрэцэдэнтны гвалт. Генацыд супраць уласнага народу, які ўбачылі ўсе — ад жыхароў маленькіх вёсак да людзей з блізкага атачэньня Лукашэнкі, у тым ліку спартовага. Абсалютна ясна, што далей так быць ня можа. Спартовец ты, актывіст — няважна. Перш за ўсё ты — грамадзянін».

Алясандар Апейкін кажа, што цяпер ён у пастаянным кантакце са спартоўцамі, каб маніторыць факты звальненьня, запалохваньня ці подкупу падпісантаў калектыўнага ліста. І ўсе яны маюць практычна аднолькавы настрой.

«Практычна ўсе кажуць адно: не ўяўляем, як будзем абараняць колеры такой дзяржавы. Маральна цяжка ня тое што сутыкацца з чыноўнікамі, якія ўвесь час ціснуць зьверху, а нават трэнавацца. Цалкам дэматываваныя, а некаторыя і дэмаралізаваныя. Бо ня бачаць, што далей. У сутнасьці, спорт сёньня нікому не патрэбны. Кожная такая масавая падзея — гэта перш за ўсё сьвята. Пра які добры настрой гаворка, калі ёсьць забітыя, а тысячы прайшлі праз прыніжэньні і зьдзекі? Як і ўсё грамадзтва, спартоўцы палітызаваліся — адчулі, у якой дзяржаве жывуць».

Аляксандар Апейкін кажа, што неўзабаве мае намер працаваць дыстанцыйна, бо дзейнасьць фонду ў Беларусі не ўяўляецца магчымай. Фактычна ён стаў першым прадстаўніком спартовай галіны, вымушаным зьехаць з краіны празь небясьпеку перасьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG