Пасьля 11 сутак на Акрэсьціна выйшлі на волю фотакарэспандэнты Уладзь Грыдзін і Аляксандар Васюковіч

Уладзь Грыдзін (зьлева) і Аляксандар Васюковіч

24 верасьня пасьля 11 сутак зьняволеньня з ізалятару на вуліцы Акрэсьціна выйшлі журналісты Ўладзь Грыдзін і Аляксандар Васюковіч, паведамляе карэспандэнт Свабоды.

Сустракаць карэспандэнтаў прыехалі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку калегі з розных выданьняў.

Незадоўга да вызваленьня Васюковіча і Грыдзіна каля ізалятара на Акрэсьціна міліцыя затрымала журналістаў «Белсату» Алеся Любенчука і Дзяніса Ганчарэнку. Іх даставілі ў РУУС Маскоўскага раёну.

Пазьней «Белсат» паведаміў, што журналістаў павязуць у ізалятар на Акрэсьціна, а заўтра будуць судзіць. У чым абвінавачваюць журналістаў, пакуль невядома.

Уладзь Грыдзін і Аляксандар Васюковіч адразу пасьля вызваленьня

Вядомых у Беларусі і ў сьвеце фотакарэспандэнтаў Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча затрымалі 14 верасьня а 21-й гадзіне ў менскім бары «1067» разам зь сябрам Ягорам Калягіным. У журналістаў забралі абсталяваньне, даставілі ў Фрунзэнскае РУУС, а потым перавезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна.

Уладзь Грыдзін пасьля вызваленьня

Аляксандар Васюковіч

Васюковіча і Грыдзіна, якія асьвятлялі акцыю пратэсту ў Менску, абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. У першы дзень суду абвінавачаньне ня здолела даказаць, што Васюковіч, Грыдзін і Калягін удзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі на вуліцы Раманаўская Слабада — ужо пасьля завяршэньня пратэставага «Маршу герояў», і суд адправіў справы ўсіх траіх «на дапрацоўку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справы фотакарэспандэнтаў Васюковіча і Грыдзіна адправілі на дапрацоўку. Іх судзяць за несанкцыянаваную акцыю

На наступны дзень міліцыя дала цалкам пераробленыя пратаколы, зь якіх вынікала, што фотакарэспандэнты і іх сябар «мітынгавалі» зусім у іншым месцы і ў іншы час — на вуліцы Прытыцкага, 21, з 19:00 да 19:05.

У выніку суд прызнаў вінаватымі Аляксандра Васюковіча (судзьдзя Яўген Пісарэвіч) і Ўладзя Грыдзіна (судзьдзя Марыя Ярохіна) у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу). Кожнаму зь іх прысудзілі па 11 содняў арышту. Журналісты знаходзіліся за кратамі зь вечара 13 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фотакарэспандэнтам Васюковічу і Грыдзіну прысудзілі па 11 сутак арышту за несанкцыянаваную акцыю

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі гэта ўжо ня першы выпадак, калі журналістаў адпраўляюць на «суткі»:

  • 22 верасьня пінскага журналіста Андрэя Якімуша 22 верасьня асудзілі на 10 дзён арышту за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 13 верасьня, якую ён асьвятляў.
  • 15 верасьня ў Менску на 15 дзён арышту асудзілі спартовага журналіста Сяргея Шчурко.
  • 15 верасьня ў Гомлі на 10 дзён арышту асудзілі журналістку Марыну Драбышэўскую, а 17 верасьня — на 15 дзён арышту яе калегу журналіста Яўгена Меркіса, абодвух судзілі за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
  • 6 верасьня ў Пінску асудзілі на 10 дзён журналіста сайту «Мэдыя-Палесьсе» Яўгена Мікалаевіча.
  • 4 верасьня ў Менску на 3 дні арышту асудзілі журналістаў Андрэя Шаўлюгу (БелаПАН), Надзею Калініну і Аляксея Суднікава (Tut.by), Марыю Эляшэвіч, Сяргея Шчогалева, Мікіту Дубалеку («Комсомольская правда в Беларусі»).

У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць артыкул 198: «Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста... караецца штрафам, або пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады, або займацца пэўнай дзейнасьцю, або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін».