Разьвітаньне з загінулым, бунт на БТ, мітынгі па ўсёй краіне. Найважнейшае за 15 жніўня

Гомель, мітынг каля аблвыканкаму, 15 жніўня 2020

У Менску разьвіталіся з Аляксандрам Тарайкоўскім — пратэстоўцам, які загінуў падчас разгону дэманстрацыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» 10 жніўня. Да станцыі мэтро прыйшлі тысячы людзей, каб ушанаваць хвілінай маўчаньня памяць аб забітым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску разьвіталіся з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім. СТРЫМ СВАБОДЫ

Сотні супрацоўнікаў БТ заявілі, што гатовыя пачаць страйк, калі дзяржаўная тэлевізія не перастане хлусіць і не пачне паказваць праўды пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Іх падтрымалі тысячы людзей, якія сабраліся перад будынкам дзяржаўнай тэлевізіі. Каля будынку і ў будынку зьявіліся байцы ўнутраных войскаў з аўтаматамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні супрацоўнікаў БТ гатовы абвесьціць страйк. Улагоджваць канфлікт прыехала Качанава. ФОТА, ВІДЭА

У Горадні 10-тысячны мітынг прыняў зварот з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні на мітынгу 10 тысяч чалавек, перадалі ўладам зварот за «неадкладную» адстаўку Лукашэнкі. ФОТА

Некалькі тысяч жыхароў Гомля зладзілі мітынг пад сьледчым ізалятарам, патрабуючы вызваленьня арыштаваных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы людзей пратэстуюць каля СІЗА ў Гомлі. ФОТА

У вячэрнім выпуску навінаў на БТ Лукашэнка назваў сытуацыю на заходніх межах напружанай і заявіў, што дасьць даручэньне перакінуць зь Віцебску ў Горадню паветрана-дэсантную брыгаду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абяцае перакінуць дэсантнікаў зь Віцебску ў Горадню

БелТА паведаміла, што Лукашэнка дамовіўся з Пуціным, што на першы ж запыт Расея акажа дапамогу па арганізацыі бясьпекі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелТА: Лукашэнка дамовіўся з Пуціным, што на першую ж просьбу Расея дапаможа ў арганізацыі бясьпекі Беларусі

Лукашэнка падчас нарады ў Цэнтры стратэгічнага кіраваньня Міністэрства абароны заявіў, што ў Беларусі ёсьць свой урад, а краінам, якія спрабуюць выступаць пасярэднікамі, варта навесьці парадак у сябе.
Дырэктар Менскага заводу колавых цягачоў Аляксей Рымашэўскі на сустрэчы з рабочымі прызнаў, што Аляксандар Лукашэнка ня выйграў на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Генэральным штабе адрэагаваў на пратэсты і замежныя прапановы пасярэдніцтва

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы, заклікаў улады распачаць канструктыўны дыялёг з грамадзтвам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх нявінных грамадзян, затрыманых на мірных акцыях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў — цяжкі грэх. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуўся да ўладаў