У Бэйруце каля 120 чалавек застаюцца ў крытычным стане

У Бэйруце ахвярамі выбуху — ці, як паведамлялі некаторыя СМІ, двух амаль адначасовых выбухаў — сталі, паводле апошніх зьвестак, 154 чалавекі. Міністар аховы здароўя Лібану заявіў, што прыкладна кожны пяты з 5 тысяч пацярпелых меў патрэбу ў шпіталізацыі, 120 чалавек знаходзяцца ў крытычным стане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бэйруце пасьля выбухаў затрымалі 16 супрацоўнікаў порту

Каля 300 тысяч жыхароў Бэйруту засталіся без жыльля, зь іх 80 тысяч — дзеці. Такія зьвесткі ААН. Сусьветная арганізацыя здароўя ацаніла аб’ём тэрміновай неабходнай дапамогі пацярпелым у 15 мільёнаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва порту ў Бэйруце, дзе адбыўся выбух, узялі пад хатні арышт

Увечары, 4 жніўня, у порце Бэйруту адбыліся адзін за адным два выбухі. Як заявілі ў праваахоўных органах, падарваліся больш за 2700 тон аміячнай салетры, якія шэсьць гадоў захоўваліся на адным са складоў без выкананьня адпаведных захадаў бясьпекі.