Амэрыканскія астранаўты з новага карабля Crew Dragon прывадніліся ля берагоў Флорыды

капсула Crew Dragon

Амэрыканскія астранаўты Робэрт Бэнкен і Даглас Гэрлі, якія прыляцелі на МКС на новым караблі Crew Dragon кампаніі SpaceX, у нядзелю прывадніліся ў Мэксыканскай затоцы. Іх палёт стаў першай пілятаванай місіяй NASA, запушчанай з амэрыканскай тэрыторыі, за дзевяць гадоў.

Бэнкен і Гэрлі адстыкаваліся ад станцыі ўвечары ў суботу і адправіліся ў 21-гадзіннае падарожжа дадому, паступова зьніжаючы сваю арбіту.

Групы кіраваньня палётам NASA ў Хʼюстане штаб-кватэры SpaceX у Готарне (Каліфорнія) далі дабро на ўключэньне тармазнога імпульсу, калі спускальны апарат уваходзіў у атмасфэру Зямлі. Гэта адбылося прыкладна за гадзіну да прывадненьня ля берагоў Флорыды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Касьмічны карабель SpaceX з астранаўтамі адстыкаваўся ад МКС і вяртаецца на Зямлю

Пасьпяховае прывадненьне стала заключнай праверкай здольнасьці распрацаванага Іланам Маскам карабля дастаўляць астранаўтаў на арбіту і вяртаць іх дадому. Гэта першы прарыў такога роду, зроблены прыватнай кампаніяй. Калі вынікі палёту будуць прызнаныя пасьпяховымі, то Crew Dragon стане адным з галоўных сродкаў рэгулярных зносін паміж Зямлёй і МКС.

Капсулу паднялі на борт карабля і адкрылі пасьля непрацяглай падрыхтоўкі, каманда аднаўленьня дапамагла ім пакінуць капсулу. Касманаўты яшчэ да адкрыцьця капсулы паведамілі, што адчуваюць сябе добра.

«Упершыню касьмічны карабель з амэрыканскім экіпажам, пабудаваны і кіраваны прыватнай кампаніяй, вяртаецца зь Міжнароднай касьмічнай станцыі, адкрываючы новую эру ў заваяваньні космасу чалавекам», — паведамляе NASA.