Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілан Маск прыгадаў «Роскосмосу» жарт пра батут


Запуск ракеты Falcon 9 з мысу Канавэрал у Флорыдзе 30 траўня

«Батут працуе», — сказаў Ілан Маск 30 траўня на прэс-канфэрэнцыі пасьля пасьпяховага запуску карабля Crew Dragon.

Такім чынам кіраўнік SpaceX адрэагаваў на колішнюю параду амэрыканцам ад Дзьмітрыя Рагозіна, кіраўніка «Роскосмосу», карыстацца батутам замест «Саюзаў» для дастаўкі астранаўтаў на Міжнародную касьмічную станцыю (МКС).

Гаворка ідзе пра словы Рагозіна 2014 году, калі ён пасьля ўвядзеньня санкцыяў супраць Расеі з прычыны анэксіі Крыму напісаў у Твітэры, што Расея можа адмовіцца дастаўляць амэрыканскіх астранаўтаў на МКС.

«Прааналізаваўшы санкцыі супраць нашага касмапраму, прапаную ЗША дастаўляць сваіх астранаўтаў на МКС з дапамогай батута», — пажартаваў Рагозін, які займаў тады пасаду віцэ-прэм’ера расейскага ўраду і курыраваў пытаньні разьвіцьця касманаўтыкі. Тады амэрыканскія астранаўты, аднак, працягнулі карыстацца расейскімі караблямі «Саюз».

30 траўня, з другой спробы, ЗША пасьпяхова запусьцілі касьмічны карабель з астранаўтамі NASA на борце з дапамогай ракеты-носьбіта Falcon 9, якую вырабіла карпарацыя Ілана Маска SpaceX.

Запуск Crew Dragon з двума амэрыканскімі астранаўтамі на борце — канчатковая праверка тэхналёгій SpaceX, і калі яна завершыцца пасьпяхова, палёты Crew Dragon да МКС стануць рэгулярнымі і, такім чынам, амэрыканскія астранаўты перастануць мець патрэбу ў ракеце «Саюз».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG