Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілан Маск адкрыў завод Tesla ў Каліфорніі, парушыўшы карантын мясцовых уладаў


Ілан Маск, архіўнае фота

Генэральны дырэктар кампаніі Tesla Ілона Маск ігнаруе распараджэньня ўладаў Каліфорніі, закліканыя спыніць пашырэньне каранавірусу, заручыўшыся падтрымкай прэзыдэнта Дональда Трампа, паведамляе «Голас Амэрыкі». Дзеяньні Маска выклікалі хвалю крытыкі ў сацсетках.

На бок Маска ўстаў прэзыдэнт Трамп, які ў аўторак раніцай напісаў у «Твітэры» пра тое, што ўладам штату трэба дазволіць адкрыць завод Tesla ў раёне Сан-Францыска, нягледзячы на распараджэньні мясцовага дэпартамэнту аховы здароўя аб часовым закрыцьці прадпрыемства.

«Каліфорнія павінна дазволіць Tesla і Ілану Маску адкрыць завод, цяпер жа. Гэта можна зрабіць хутка і бясьпечна!», — напісаў прэзыдэнт, далучыўшыся да многіх з 34 мільёнаў падпісчыкаў Маска ў «Твітэры», якія падтрымліваюць дзеяньні бізнэсоўца.

Сярод найбольш лютых крытыкаў Маска — Лярэна Гансалес, сябра заканадаўчага сходу Каліфорніі, якая абрынулася на генэральнага дырэктара Tesla пасьля таго, як той прыгразіў перанесьці ўсе апэрацыі кампаніі ў Тэхас або Нэваду. Гансалес заявіла, што кампанія не клапоціцца пра бясьпеку супрацоўнікаў і запалохвае ўлады штату.

Каліфарнійскі завод Tesla адкрыўся ў панядзелак, нягледзячы на тое, што ўлады штату могуць арыштаваць Маска за непадпарадкаваньне ўказу аб спыненьні дзейнасьці ў сувязі з пагрозай распаўсюду каранавірусу. Завод працягвае працу ў аўторак. Па словах прадстаўніка акругі Аламіды, кампанія ў панядзелак прадставіла падрабязны плян аховы здароўя супрацоўнікаў, які цяпер разглядаюць у акруговым дэпартамэнце здароўя.

Улады акругі лічаць, што завод Tesla не зьяўляецца крытычна важным прадпрыемствам, і не дазваляюць кампаніі аднавіць дзейнасьць у поўнай ступені. У панядзелак дэпартамэнт здароўя Аламіды папярэдзіў, што Tesla парушае санітарныя распараджэньні ўладаў акругі, выказаўшы надзею на тое, што кампанія будзе падпарадкоўвацца дзейным указам «без прымусовых мер».

Згодна з заканадаўствам Каліфорніі, парушальнікам санітарных загадаў пагражае штраф у памеры да 1000 даляраў на дзень або 90 дзён зьняволеньня.

Завод кампаніі ў Фрыманце, які знаходзіцца на поўдзень ад Сан-Францыска, быў закрыты 23 сакавіка. На прадпрыемстве працуюць каля 10 тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG