Цапкала зьехаў з Масквы, цяпер знаходзіцца ў Кіеве

Валер Цапкала, архіўнае фота

Экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Валер Цапкала зьехаў з Масквы і цяпер знаходзіцца ў Кіеве, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прэс-сакратар палітыка Аляксей Урбан.

«Валер Цапкала ўжо знаходзіцца ў Кіеве», — сказаў Урбан.

24 ліпеня стала вядома, што Цапкала пакінуў тэрыторыю Беларусі і знаходзіцца ў Маскве разам зь дзецьмі. Яго жонка Вераніка Цапкала засталася ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валер Цапкала зь дзецьмі зьехаў у Расею. Яго жонка Вераніка засталася ў Беларусі, удзельнічае ў кампаніі Ціханоўскай

Раніцай 24 ліпеня стала вядома, што Валер Цапкала разам зь дзецьмі зьехаў з краіны. Ён патлумачыў такое рашэньне тым, што яго сябры ў праваахоўных органах папярэдзілі, што рыхтуецца яго арышт, а таксама тым, што ў школу, дзе вучацца ягоныя дзеці, прыйшлі прадстаўнікі пракуратуры і «пачалі ў настаўнікаў, завуча, дырэктара школы патрабаваць, каб тыя падпісвалі нейкія паперы ў дачыненьні да нашага дзіцяці».

Вераніка Цапкала выказала здагадку, што прадстаўнікі пракуратуры зрабілі гэта, каб потым «запусьціць працэс пазбаўленьня бацькоўскіх правоў». У Генэральнай пракуратуры і Міністэрстве адукацыі абвяргаюць, што ў Цапкалаў хацелі забраць дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вераніка Цапкала пра ад’езд мужа і дзяцей: «У нас не заставалася выбару, прынялі рашэньне за 5 хвілін»