Дызайнэр Цэсьлер зрабіў новую афішу «Тутэйшым» Купалаўскага тэатру

23 і 24 верасьня Купалаўскі тэатар у Менску плянуе пачаць ставіць спэктаклі паводле сатырычнай трагікамэдыі Янкі Купалы «Тутэйшыя». Як піша Citydog, у горадзе ўжо зьявіліся афішы, аўтар якіх — вядомы дызайнэр Уладзімер Цэсьлер. На афішы шынэль і тры гузікі: польскі, нямецкі і савецкі.

«Тутэйшых» плянавалі паставіць яшчэ ў чэрвені, але адклалі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Рэжысэр-пастаноўшчык — Мікалай Пінігін, сцэнаграфія і касьцюмы — Кацярына Шымановіч, кампазытар — Андрэй Зубрыч. У галоўных ролях Павал Харланчук-Южакоў, Алена Сідарава, Міхась Зуй, Іван Кушнярук, Андрэй Кавальчук, Ігар Сігоў, Кацярына Алейнікава і Валянціна Гарцуева.

«Цяпер я прыдумаў іншую форму, — казаў Свабодзе Пінігін. — Гэта зусім не падобна да таго, што было раней. Нават калі нічога не атрымаецца, то тэкст Купалы ўсё адно павінен гучаць з нашай сцэны. Для мяне гэта найлепшая ягоная пʼеса. Самая сурʼёзная, самая грунтоўная і самая сучасная. Бо мы ня будзем памежжам паміж лацінскай культурай і бізантыйскай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тутэйшыя», «Кароль Лір», «Мой Шагал», «Колеры Беларусі» — Купалаўскі адкрывае 100-ы сэзон. ФОТА

Пінігін упершыню паставіў «Тутэйшых» у Купалаўскім 17 кастрычніка 1990 году. У канцы спэктаклю на сцэне ўздымаўся бел-чырвона-белы сьцяг. У 1992 годзе спэктакль атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

Пасьля рэфэрэндуму 1995 году вакол спэктаклю пачаліся праблемы, яго то здымалі, то часова вярталі на сцэну. У траўні 2010 году Пінігін абвесьціў, што спэктакль у ягонай пастаноўцы зьняты з рэпэртуару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцэрты падчас пандэміі ў Менску: Intelligency, Вайцюшкевіч, J:морс і «Стары Ольса»