Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тутэйшых» у Купалаўскім паставяць у чэрвені


Рэжысэр «Тутэйшых» і цяперашні мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Мікалай Пінігін

«Мы адважыліся гэта зрабіць другі раз»​, — кажа мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Мікалай Пінігін.

Легендарны спэктакль «Тутэйшыя» паводле аднайменнай пʼесы Янкі Купалы паставяць зноў у канцы 100-га тэатральнага сэзону, у чэрвені, на сцэне Купалаўскага тэатру. У тэатры расказалі пра вынікі і пляны на юбілейны сэзон.

«З твораў Купалы ў нас ідзе цяпер толькі „Паўлінка“, — кажа Мікалай Пінігін. — „Тутэйшыя“ — гэта быў сапраўды легендарны спэктакль. Не таму, што клясны спэктакль, а таму, што былі 90-я гады. Яшчэ незалежнасьць не была абвешчаная.

Цяпер я прыдумаў іншую форму. Гэта зусім не падобна да таго, што было раней. Нават калі нічога не атрымаецца, то тэкст Купалы ўсё адно павінен гучаць з нашай сцэны. Для мяне гэта найлепшая ягоная пʼеса. Самая сурʼёзная, самая грунтоўная і самая сучасная. Бо мы ня будзем памежжам паміж лацінскай культурай і візантыйскай».

Заключная сцэна «Тутэйшых», кадар зь відэазапісу
Заключная сцэна «Тутэйшых», кадар зь відэазапісу

Якія яшчэ пляны мае Купалаўскі тэатар?

  • У рэпэртуар вернецца спэктакль «Ня мой» рэжысэра Аляксандра Гарцуева — да 75-годзьдзя Алеся Адамовіча.
  • Пакажуць харэаграфічную пастаноўку «Ўспамінаючы Шагала» расейскага рэжысэра Сяргея Зямлянскага.
  • Адрамантуюць малую сцэну.
  • Пакажуць фотапраект «100 партрэтаў Купалаўскага».
  • У тэатры адновяць музэй. Экспазіцыя ў музэі будзе прысьвечаная гісторыі Купалаўскага тэатра.
  • У Вязынцы 11 ліпеня паставяць самую масавую «Паўлінку».
Павал Латушка і Мікалай Пінігін
Павал Латушка і Мікалай Пінігін

«За студзень і за люты мы прадалі 98% квіткоў на спэктаклі, — расказаў дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка. — Гэта прывяло і да добрых эканамічных вынікаў: на 130% вырас прыбытак за мінулы год. Сёлета за першы месяц прыбытак вырас на 140%. Таму 50% дзейнасьці Купалаўскага тэатру фінансуецца дзяржавай і 50% — гэта нашыя пазабюджэтныя крыніцы. І больш за 100 тысяч наведнікаў прыйшлі на спэктаклі Купалаўскага тэатру».

Па словах Паўла Латушкі, Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў артыстаў і вядучых майстроў сцэны тэатру мэдалём Францішка Скарыны:

  • Сьвятлану Анікей,
  • Алега Гарбуза,
  • Андрэя Кавальчука,
  • Мікалая Кучыца.

Аляксандру Падабеду прысвоілі ганаровае званьне «Народны артыст Рэспублікі Беларусь».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG