Сьпявачка Руся заявіла пра выкарыстаньне без дазволу песьні на БТ. Адказалі: «Маглі б падзякаваць»

Руся на канцэрце Shuma, архіўнае фота

Беларуская сьпявачка Руся заўважыла ў рэклямным роліку легкаатлетычных гульняў на дзяржаўнай тэлевізіі песьню свайго гурту Shuma «На моры вутка купалася», але ні яна, ні іншыя чальцы гурту не давалі дазволу на выкарыстаньне музыкі.

Яна зьвярнулася ў Нацыянальны цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці, зь якім гурт мае дамоўленасьці пра выкарыстаньне музыкі — кажа, там прызналі, што факт парушэньня аўтарскіх правоў напраўду ёсьць, ды ў такіх справах «суд выйграць яшчэ нікому не ўдалося».

Дзяржаўнае Агенцтва тэлевізійных навінаў вырашыла публічна адказаць у сацсетках журналістам, якія прасілі пракамэнтаваць выкарыстаньне музыкі гурту. Адказ далі пад загалоўкам «Чым менш музыкі, тым больш шуму».

Паводле АТН, ролік рабілі на замову Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі ў староньняй арганізацыі (якую не назвалі) ў межах «двухбаковых дамоўных дачыненьняў». АТН прызнала, што музычная кампазыцыя знаходзіцца ў «калектыўным кіраваньні» НЦІУ, зь якім Белтэлерадыёкампанія мае ўласныя дамовы. Але АТН мяркуе, што дамовы з НЦІУ дастаткова, каб не пытаць дазволу ў выканаўцы.

«Shuma маглі б рэкамэндаваць зьвярнуцца ў Фэдэрацыю лёгкай атлетыкі з… падзякай, — піша АТН. — Выключна дзякуючы нашым добрым адносінам з Фэдэрацыяй, такая „інтэлектуальная ўласнасьць“ атрымала хоць нейкі шанец трапіць у тэлевізійны эфір».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-служба АНТ заявіла пра ціск на журналістаў тэлеканала

Руся адзначае, што падставы да скаргі ўсё ж ёсьць: дамовы з НЦІУ даюць права без дазволу прайграваць трэк у эфіры, але для выкарыстаньня ў рэкляме дазвол аўтара ўсё ж патрэбен.

Сытуацыю яна параўноўвае з судом Антона Матолькі з БТ за выкарыстанае без дазволу фота, якое суд прызнаў здымкам «сацыяльнай зьявы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Красьці фота можна легальна»: Вярхоўны суд не задаволіў пазоў блогера Матолькі да БТ