Жыхарку Буда-Кашалёўскага раёну аштрафавалі за жорсткае забойства коткі

Ілюстрацыйнае фота

Суд Буда-Кашалёўскага раёну разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненьні да 46-гадовай жанчыны за жорсткае абыходжаньне з жывёлай, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Вярхоўнага суду.

15 чэрвеня на дваровай тэрыторыі ў пасёлку Чырвоны Сьцяг жанчына скруціла галаву котцы, потым узяла яе за заднія лапы і чатыры разы ўдарыла галавой аб бэтонны падмурак.

Суд прызначыў жанчыне штраф у памеры 675 беларускіх рублёў. Пастанова суду ў законную сілу не ўступіла, можа быць абскарджаная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць жыхара Баранавічаў завялі справу за пагрозы бацьку і жорсткае забойства сабакі

Правы жывёлаў рэгулююцца артыкуламі Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь. Першы прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня або штрафу, другі — арышту. Крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі была ўведзеная ў 2015 годзе і рэгулюецца артыкулам 339.1 КК. Тады ж супрацоўнікі міліцыі атрымалі права складаць пратаколы і прыцягваць да адказнасьці. Падстава — чалавек зьдзекуецца з жывёлы наўмысна і з падкрэсьленай жорсткасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аштрафавалі касьцюковіцкага ліцэіста, які жорстка абыходзіўся з катом