Кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі: спадзяёмся, што ня будзе неабходнасьці ўводзіць санкцыі

Дырк Шубэль

Кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль спадзяецца, што санкцыі з прычыны наяўнасьці палітвязьняў у дачыненьні да Беларусі ўводзіць не давядзецца.

Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнтары: настаў час зноў увесьці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

Сёньня амбасадар Шубэль узяў удзел у цырымоніі перадачы сродкаў індывідуальнай абароны, закупленых Сусьветнай арганізацыяй здароўя на сродкі ЭЗ для лекараў Менскай вобласьці.

«Санкцыі — гэта пытаньне ўсіх краінаў Эўразьвязу, мы будзем абмяркоўваць яго ў залежнасьці ад сытуацыі. Мы спадзяёмся, што нам ня будзе неабходнасьці гэта рабіць», — сказаў Шубэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі амбасадар заявіў, што Захад хоча адарваць Беларусь ад Расеі 

Ён адзначыў, што бакі здолелі шмат зрабіць на працягу апошніх пяці гадоў. «Мы былі рады, што ў вас пяць гадоў не было палітычных зьняволеных. Гэта быў важны крок, мы шмат зрабілі разам, стварылі структуры, якіх раней не было. Мы вялі перамовы ў справе заключэньня дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве, якая, у прынцыпе, гатовая. У нас дыялёг шмат у якіх сфэрах. Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця і Эўрапейскі інвэстыцыйны банк пасьпяхова працуюць у вашай краіне», — адзначыў дыплямат.

«Мы гатовыя ісьці далей, але ёсьць адно вялікае „але“. Гэта сытуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у вашай краіне, асабліва ў кантэксьце прэзыдэнцкіх выбараў. Мы ясна патлумачылі, чаго мы чакаем ад кіраўніцтва краіны», — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыпляматычныя місіі ЗША, Брытаніі і Эўразьвязу зьвярнуліся да ўладаў Беларусі. Што ў звароце?

Ён нагадаў пра сумесную заяву амбасадараў ЭЗ, ЗША і Вялікай Брытаніі ад 2 чэрвеня. «На жаль, не было рэакцыі, як мы чакалі. Нам было неабходна рэагаваць зноў, і 19 чэрвеня была заява спадара Барэля (вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жазэп Барэль. — РС) пасьля затрыманьня Віктара Бабарыкі. Таксама была вялікая дыскусія ў Эўрапарлямэнце на мінулым тыдні. Мы чакаем, што тыя, хто цяпер з палітычных матываў арыштаваны і знаходзіцца ў турме, будуць неадкладна вызваленыя, каб выбары прайшлі без праблемаў, аб’ектыўна, каб кандыдатамі ў прэзыдэнты сталі тыя, хто сабраў больш за 100 тысячаў подпісаў», — сказаў Шубэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На сэсіі Эўрапарлямэнту сёньня ня раз прагучала «Жыве Беларусь!»

Ён таксама адзначыў, што АБСЭ чакае запрашэньня для назіраньня за выбарамі. «Спадзяёмся, што будзе неадкладнае запрашэньне, таму што часу мала. Калі краіна хоча, каб выбары былі абʼектыўнымі і было добрае назіраньне, то часу вельмі мала», — лічыць кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ.