Каранавірус як заслона ад дэмакратыі. Улады выкарыстоўваюць пандэмію, каб абмежаваць празрыстасьць выбараў

Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ў Горадні, 10 чэрвеня 2020 году

Цэнтарвыбаркам не плянуе запускаць у дзень выбараў 9 жніўня інфацэнтар для прадстаўнікоў СМІ. Як патлумачылі Tut.by у ЦВК, прычынай такога рашэньня зьяўляецца эпідэміялягічная сытуацыя ў краіне.

Глядзіце, як цікава атрымліваецца. Беларусь — адна з дзьвюх краін Эўропы (разам з Швэцыяй), якая ня ўводзіла карантыну з прычыны пандэміі каранавірусу. Тут ня сталі абмяжоўваць масавых сходаў. Дэманстратыўна правялі суботнік, парад, працягваецца футбольны чэмпіянат. Лукашэнка зладзіў чарговы хакейны турнір пры поўных трыбунах. Заклікаў ісьці ў царкву на Вялікдзень. Дзяцей вярнулі на заняткі ў школах.

Кіраўнік Беларусі вельмі ганарыўся тым, што, насуперак усяму сьвету, «не паддаліся паніцы», на гэты сусьветны «псыхоз», не ўвялі абмежаваньняў, як у іншых краінах. І прэзыдэнцкую кампанію прызначылі як раз на піку захворваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Магу вас павіншаваць, што мы з гэтай бядой справіліся»

Зусім нядаўна Лукашэнка абвесьціў аб «перамозе» над каранавірусам. Сёньня, падчас сустрэчы з «актывам» Менску, ён заявіў: «Я магу вас павіншаваць, што мы з гэтай бядой справіліся». Афіцыйная статыстыка паказвае, што нібыта колькасьць хворых на каранавірус імкліва памяншаецца.

І вось на гэтым тле ЦВК, увогуле ўлады раптам успомнілі пандэмію і вельмі заклапаціліся здароўем людзей. І пад гэтай маркай імкнуцца абмяжоўваць свабоду правядзеньня выбарчай кампаніі. Памятаеце, як дзяржаўныя мэдыя абураліся масавымі пікетамі па ўсёй краіне? Маўляў, гэта ж пагражае здароўю людзей, павялічвае колькасьць інфікаваных.

А потым адзін за адным пайшлі абмежаваньні, насуперак патрабаваньню Выбарчага кодэксу аб дэмакратычнасьці, празрыстасьці, грамадзкім кантролі над выбарчым працэсам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дзень выбараў 9 жніўня ЦВК зьвядзе кантакты з прэсай да мінімуму. За выключэньнем дзяржаўных СМІ 

Чаму назіральнікаў не дапусьцілі на паседжаньні райвыканкамаў, на якіх фармаваліся выбарчыя камісіі? Дык жа ў краіне палае пандэмія!

Чаму дасюль не прынята рашэньне аб запрашэньні замежных назіральнікаў? Зноў жа праз пандэмію. Вось цяпер ЦВК абмяжуе кантакт з журналістамі незалежных мэдыя. Каб не задавалі нязручных пытаньняў. Але прыдумалі высакародную падставу.

Думаю, падчас агітацыйнай кампаніі ўлады яшчэ ня раз будуць выкарыстоўваць гэтую падставу для абмежаваньня альтэрнатыўных кандыдатаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.