На «ланцугу салідарнасьці» ў Менску затрымалі анколяга. Родным сказалі, што суд будзе закрытым

Ілюстрацыйнае фота

Лекар-анколяг Віктар Хвашчэўскі ўвечары 19 чэрвеня вяртаўся дадому і сустрэў сяброўку на праспэкце Дзяржынскага, дзе стаяў «ланцуг салідарнасьці». Яго затрымалі, родныя цягам сутак не маглі знайсьці Дзьмітрыя, піша Tut.by.

Віктар Хвашчэўскі — хірург-анколяг найвышэйшай катэгорыі, стаж працы — 21 год. Працаваў у прыватным мэдычным цэнтры «Сёмае неба», а раней — у 10-й лякарні, быў загадчыкам аддзяленьня ў турэмным шпіталі на вуліцы Кальварыйскай у Менску. У пятніцу 19 чэрвеня ён, як звычайна, адпрацаваў сваю 12-гадзінную зьмену і вяртаўся дадому.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маладэчне пачалі крымінальную справу за сутычку зь міліцыяй на «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня

«На праспэкце Дзяржынскага ён убачыў старую знаёмую, якую даўно ня бачыў, — апавядае сяброўка мужчыны Алёна. — Выйшаў, каб павітацца, пагаварыць. Яны стаялі на ходніку, разглядалі фатаздымкі. Нечакана яго схапілі, пацягнулі ў аўтазак, знаёмую адштурхнулі, у яе сінякі засталіся».

Таксама затрымалі дзяўчыну, якая спрабавала здымаць затрыманьне Віктара на тэлефон. Віктар пасьпеў паведаміць, што яго вязуць у Фрунзэнскае РУУС. Цэлыя суткі родным не казалі, дзе знаходзіцца Віктар. Пазьней пацьвердзілі, што ён у турме на Акрэсьціна.

Цяпер родныя ня могуць даведацца, дзе яго будуць судзіць. Дзяжурны Фрунзэнскага РУУС сказаў, што гэта будзе «закрыты суд».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста ляжу на асфальце, вакол ходзяць хлопцы з АМАП». Як у Менску затрымалі гітарыста гурту Intelligency