У Браслаўскім раёне ўвялі абавязковы масачны рэжым
Браслаўскі райвыканкам увёў дадатковыя меры прафіляктыкі і зьніжэньня распаўсюджваньня вострых рэсьпіраторных інфэкцый, у тым ліку выкліканых COVID-19, паведамляе мясцовае выданьне «Браслав Online».
Людзі павінны абавязкова насіць маскі ў крамах, аптэках, аддзяленьнях банкаў, сувязі, пошты, у транспарце і іншых аб’ектах масавага знаходжаньня людзей. Абслугоўваць наведнікаў бяз масак забаронена.
У грамадзкіх месцах павінна быць ня менш за 10 м² на чалавека.
Для касіраў і прадаўцоў рэкамэндуюць усталяваць празрыстыя экраны або выдаць ім ахоўныя шчыткі на твар.
Для ветраньня і прыбіраньня памяшканьняў з дэзынфэкцыйнымі сродкамі ўводзяць дадатковыя перапынкі ў працы.
«Меры абумоўленыя пагаршэньнем эпідэміялягічнай абстаноўкі ў рэгіёне», — патлумачыла галоўны санітарны ўрач Браслаўскага раёну Вольга Рудакова.