«Прашарсьціць пузатых буржуяў». Лукашэнка заявіў, што за адмову падпісацца за апазыцыянэраў звальняюць з працы

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка сабраў 10 чэрвеня нараду з удзелам кіраўніка сваёй адміністрацыі Ігара Сергеенкі, старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай і кіраўніка спраў прэзыдэнта Віктара Шэймана.

Як піша БелТА, Лукашэнка даручыў ім заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў:

«У апошні час, упэўнены, і вам таксама, як і мне, паступаюць скаргі ад людзей аб ходзе так званай гэтай выбарчай кампаніі, — заявіў Лукашэнка. — Што мяне абурае асабліва, у Менску, іншых гарадах (гэта характэрна для гарадоў) прыватныя кампаніі звальняюць людзей. Пры тым, баюся сказаць масава, але досыць шмат. Я наконт гэтага адпаведную заяву ўжо рабіў. Мала таго, звальняюць людзей. Тых, хто не аддаў подпісу за альтэрнатыўных так званых кандыдатаў: ты там за Пятрова, Сідарава не расьпісаўся — сыходзь».

Ён дадаў, што на дзяржаўных прадпрыемствах такога няма. Ён загадаў «аднавіць гэтых людзей або заплаціць ім за тры, два ці адзін месяц», калі кагосьці «выкінулі беспадстаўна».

Лукашэнка даручыў выпрацаваць схему з генэральным пракурорам, падключыць Камітэт дзяржаўнага кантролю, сьледчыя органы і «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшлі з ужо гатовымі падпіснымі аркушамі». Людзі скардзяцца, што прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое магілёўцаў «адклікалі» подпісы за Лукашэнку — заявілі, што зьбіралі пад пагрозамі

У якіх кампаніях так робяць, за каго прымушаюць падпісацца і калі раней ён такое заяўляў, Лукашэнка не сказаў. Публічных скаргаў на такія здарэньні знайсьці не ўдалося, але ня раз беларусы скардзіліся на адваротнае: прымус падпісацца за Лукашэнку на дзяржаўных прадпрыемствах.

Цэнтральная выбарчая камісія разглядала скаргу патэнцыйнага кандыдата Віктара Бабарыку на такія заявы аб прымусе падпісацца за Лукашэнку, але на ўсе скаргі адказала адмовай: або ня выявілі, хто на каго скардзіўся, або спыталі таго, на каго скардзіліся, і гэты чалавек заявіў пра адсутнасьць парушэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК адхіліла скаргі Бабарыкі, здымаць з выбараў Лукашэнку адмовілася
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы нам пагражаеце?» Як ва ўстанове Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта зьбіралі подпісы за Лукашэнку (аўдыё)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтае відэа можна накіраваць у пракуратуру і ЦВК». Што адбываецца на відэа з Рэчыцкай паліклінікі, дзе зьбіраюць подпісы за Лукашэнку?