Гамельчука, якому міліцыянты ў цывільным зьвязалі рукі папругай, арыштавалі на 15 сутак

Затрыманьне Аляксея Думянкова

На 15 сутак арыштавалі гамельчука Аляксея Думянкова за непадпарадкаваньне міліцыі. Такое рашэньне вынес у судзе Чыгуначнага раёну Гомля Аляксей Хлышчанкоў.

7 чэрвеня Аляксея Думянкова каля дома затрымалі міліцыянты ў цывільным. Яны дагналі яго, паставілі на калені і зьвязалі яму рукі за сьпінай папругай. Аляксей у той дзень зьбіраўся ісьці на пікет па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую.

Паводле пратаколу, Думянкоў уцякаў ад супрацоўнікаў РАУС, «штурхануў супрацоўніка міліцыі» і хапаў праваахоўнікаў «за форменнае абмундзіраваньне».

«Я спачатку ня ведаў, што гэта міліцыянты, — яны былі ў цывільным, і іх аўтамабіль быў не службовы. Я пабег ад іх проста ад страху, перапалохаўся. Я нікога не штурхаў, не крычаў, не абражаў, не хапаў за вопратку. Калі яны ўтрох падышлі да мяне — у мяне проста сэрца закалацілася, і я пабег уцякаць», — патлумачыў на судзе Думянкоў.

Дагэтуль невядомы лёс Юрыя Ўласава — паплечніка Сяргея Ціханоўскага. Ён павінен быў выйсьці з ІЧУ 7 чэрвеня пасьля 30-дзённага арышту. Але вечарам у суботу аказалася, што Юры знаходзіцца ў ізалятары. Ні ў судзе, ні ў ізалятары ягонай жонцы не паведамілі, чаму так сталася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля 30 сутак арышту паплечнік Ціханоўскага па-ранейшаму за кратамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 20 сутак арышту. Суды і затрыманьні 8 чэрвеня