Беларусь зьвярнулася ў Сусьветны банк па пазыку на павышэньне выплат беспрацоўным

Кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр

Сусьветны банк цяпер разглядае запыт беларускага ўраду на аказаньне фінансавай дапамогі, адказаў 29 траўня кіраўнік прадстаўніцтва банку Алекс Крэмэр на пытаньне БелаПАН пра магчымасьць даваньня пазыкі на падтрымку ўразьлівых слаёў насельніцтва.

«Цяпер мы абмяркоўваем падрабязнасьці гэтай тэмы з урадам, робім гэта як мага хутчэй, — сказаў Крэмер і дадаў, што беларускі ўрад расказаў пра свае пляны ў павышэньні дапамогі беспрацоўным. — Мы лічым, што гэта сапраўды добра, і мы пастараемся папрацаваць над гэтым пытаньнем».

Пры гэтым Алекс Крэмэр даў зразумець, што вынікі перамоваў складана прадказаць.

«У рамках такіх праектаў ніколі ня ведаеш, ці будуць яны рэалізаваныя, пакуль не падпішаш пагадненьне аб пазыцы, таму я ня буду цяпер нічога абяцаць», — адзначыў Крэмэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь папрасіла 1 млрд даляраў у Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця

У той жа час ён раскрытыкаваў адну з апошніх ініцыятываў дзяржаўных органаў, якія сталі рэкамэндаваць беларускім дзяржаўным прадпрыемствам пераходзіць на абслугоўваньне ў дзяржаўныя банкі.

«Гэта ня толькі скарачае даходы прыватнага банкаўскага сэктару, але і пасылае нэгатыўны сыгнал інвэстарам», — падкрэсьліў Крэмер.

26 траўня Алекс Крэмэр таксама казаў, што Сусьветны банк разглядае магчымасьць фінансавай падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі згодна з запытам беларускага ўраду.

22 траўня Сусьветны банк зацьвердзіў пакет фінансавай падтрымкі Беларусі на 90 млн эўра для барацьбы з пандэміяй каранавірусу.

Таксама Сусьветны банк пазычыў Беларусі 100 мільёнаў эўра на мадэрнізацыю вышэйшай школы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк: Беларусь чакае найгоршы эканамічны спад за чвэрць стагодзьдзя

Паводле травеньскага прагнозу Сусьветнага банку, Беларусь чакае найгоршы эканамічны спад за чвэрць стагодзьдзя: у 2020 годзе валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі зьнізіцца на 4% у параўнаньні зь мінулым годам, гадавая інфляцыя складзе 8,4%, а дзяржаўны доўг вырасьце да 55,2% ВУП з 43,7% ВУП у 2019 годзе.