«Пошасьць перажывём». 99-гадовая беларуска пра паратунак ад каранавірусу, страчанае каханьне і мары на схіле жыцьця

Свабода працягвае сэрыю публікацый пра беларускіх доўгажыхароў. Суразмоўцы расказваюць пра перажытае і пра тое, як пандэмія каранавірусу 2020 году зьмяніла іхнае жыцьцё. Крычаўлянка Варвара Мікалаеўна Гаўрыленка адзначыць 100-годзьдзе 12 сьнежня. Кабета перакананая, што пражыве яшчэ 5 гадоў, пераможа немач, стане на ногі і наведае мясьціну, якая хавала яе ад нацыстаў.

«Адна сяджу ў хаце, і няма з кім пагаманіць»

Апошнія гады Варвара Гаўрыленка з сваёй аднапакаёвай кватэры не выходзіць. Нават па кватэры ледзь сунецца — абапіраецца на хадункі для інвалідаў. Жыве адна. Гасьцей прымае дужа рэдка. Прыглядае яе пляменьніца Антаніна (дачка брата Фядоса, нябожчыка). Штодня зранку наведваецца сацыяльны работнік.

«Адна сяджу ў хаце і маўчу, — наракае Варвара Мікалаеўна. — Няма з кім і пагаварыць. Як на каго натраплю, то гаманю зь ім, пакуль той ня стоміцца слухаць».

Сваіх дзяцей у суразмоўніцы няма. Кажа, што «хлопец, якога любіла зь дзяцінства, загінуў на вайне, і замуж не пайшла».

Варвара Гаўрыленка

Згадкі пра Валянціна дагэтуль узрушаюць Варвару Мікалаеўну. Яна заходзіцца плачам і ледзь супакойваецца. Пляменьніца кажа: цёця апавядала, што Валянціна забралі на савецка-фінскую вайну (1939–1940). Сама ж Варвара Мікалаеўна тады вучылася на настаўніцу ў Мсьціславе. Больш яны ня бачыліся. Пра Валянціна цёця заўжды згадвае зь цеплынёю і пяшчотаю.

Сама Варвара Мікалаеўна кажа, што, страціўшы каханага, аддалася працы.

«Бывала, па тры гадзіны за суткі толькі спала, але з гэтага не бедавала», — суняўшы эмоцыі, кажа яна.

Пра сябе яна кажа як пра чалавека няўрымсьлівага і мэтанакіраванага, ёй «не сядзелася на адным месцы ды прагнулася спасьцігаць новае».

«Я ж такая маленькая, але як што задумаю, то абавязкова зраблю. Не адступлюся!» — кажа Варвара Гаўрыленка.

Пра каранавірус: «У нас лекараў хапае, і яны не дапусьцяць бяды»

Пра пандэмію каранавірусу Варвара Гаўрыленка ведае з тэлевізійных перадачаў. Кажа, што яе эпідэмія не палохае, бо «сярод людзей не бывае, каб заразіцца». Доўгажыхарка перакананая, што «беларусы пошасьць перажывуць, бо людзі дужыя і лекараў хапае».

«Яны не дапусьцяць бяды, і ўсё ў нас будзе добра», — супакойвае старая.

Варвара Гаўрыленка кажа, што ніколі ня ставілася да свайго здароўя абыякава, але і яе напаткала немач. Таму заклікае суайчыньнікаў берагчыся ад каранавірусу і дбаць пра здароўе сваё і блізкіх.

На пытаньне, з чым магла б параўнаць пандэмію каранавірусу, суразмоўніца пасьля роздуму адказвае: «З вайной яе не параўнаць. Яна ж была не прывядзі гасподзь якая страшная, і дужа шмат гора тады было».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры месяцы з каранавірусам. 10 фактаў пра COVID-19 у Беларусі

Пра бацькоў, савецкую калектывізацыю і вайну

Варвара Гаўрыленка нарадзілася ў вёсцы Каша́ны, што за 25 кілямэтраў ад Крычава. У бацькоў Мікалая і Матроны было яшчэ восем дзяцей. Бацька ваяваў на дзьвюх войнах. На расейска-японскай (1904–1905) вынес з бою параненага расейскага генэрала, за што «быў узнагароджаны ордэнам». У Першую ўсясьветную (1914–1918) трапіў у палон да немцаў і прабыў там два гады, вывучыў нямецкую мову.

Бацька Варвары Гаўрыленкі. Мікалай Мітрафанавіч пражыў 105 гадоў

Варвара Гаўрыленка кажа, што бацька быў «дужа працавіты». Калі арганізавалі калгас, то «добраахвотна» запісаўся ў яго і рабіў у ім «дзень і ноч». Сама яна згадвае савецкую калектывізацыю як час нядолі.

«Ураджаі былі замалыя, і каб было чаго есьці, зьбіралі на палях мерзлую бульбу», — успамінае жанчына.

Варвара Гаўрыленка вучылася ў беларускай школе. У 1939-м скончыла пэдагагічную вучэльню ў Мсьціславе і працавала настаўніцай у суседняй з Кашанамі вёсцы Сялец. Кажа, што вучні яе любілі. Незадоўга да нападу нацыстаў на Савецкі Саюз паехала ў Горадню да сястры, а як пачалася вайна, дык тая ўзяла дваіх малых дзяцей, і так учатырох яны пешшу прыйшлі да бацькоў на Крычаўшчыну.

Справа маці Варвары Гаўрыленкі Матруна, яна памерла ў глыбокай старасьці. Зьлева брат Мікалай — загінуў у Другую ўсясьветную вайну ў Сталінградзе (цяпер Валгаград)

Па словах доўгажыхаркі, бацька ў вайну выбаўляў землякоў з нацысцкага палону. Веданьне нямецкай мовы дапамагала паразумецца з акупантамі.

«Неяк бацьку самога забралі былі за сувязь з партызанамі, — апавядае Варвара Мікалаеўна. — Ад сьмерці яго ўратаваў немец. Ён аказаўся з той мясцовасьці, дзе бацька быў у палоне, і нібыта знаў гаспадароў, у якіх той працаваў. Так яму пашанцавала застацца жывым».

Паводле доўгажыхаркі, бацькі ў сваім сьвірне хавалі моладзь ад вывазу ў Нямеччыну. А потым і ёй самой, каб ня стаць «остарбайтэрам», давялося шукаць паратунку. Хованка была паблізу вёскі Лабковічы. Тую мясьціну вяскоўцы называлі «цярновымі ямінамі» і прыпісвалі ёй незвычайную «анамальную» сілу.

«Як на ногі ўстану, абавязкова наведаюся туды. Тая мясьціна мяне амалодзіць. Там я не была гадоў семдзесят», — кажа Варвара Мікалаеўна.

Атэстат Варвары Гаўрыленкі, што яна скончыла настаўніцкае вучылішча ў Мсьціславе

Варвара Гаўрыленка ўспамінае, што адзін з трох ейных братоў, Мікалай, загінуў у 1943 годзе падчас Сталінградзкай бітвы (1942–1943). Ягоная імя высечанае на мэмарыяле «Мамаеў курган». Яшчэ адзін брат, Аркадзь, прыйшоў з вайны кавалерам трох ордэнаў «Чырвоная зорка». Застаўся жывым і трэці брат Фядос.

«На чужыне захварэла і на радзіму вярталася паміраць...»

Па вызваленьні ад нацыстаў Крычава ў 1943-м Варвару Гаўрыленку ўзялі на працу ў райвыканкам, дзе яна год адрабіла інструктарам. Згадвае, што было шмат працы, бо супрацоўнікаў не хапала, бракавала і друкарскіх машынак.

«Даводзілася пісаць усё ад рукі, — кажа суразмоўніца. — Мяне цанілі за тое, што ў мяне быў добры каліграфічны почырк».

Старонка працоўнай кніжкі 1945 году, што Варвара Гаўрыленка працуе настаўніцай

Варвара Гаўрыленка дагэтуль бядуе, што не змагла атрымаць вышэйшай адукацыі. Перад здачай апошняга ўступнага экзамэну ў Магілёўскі пэдагагічны інстытут яна захварэла. Няўдалай аказалася спроба і ў Маскве. Нядоўгі час працавала фінансавым інспэктарам у Бабруйску.

Наступныя сорак гадоў суразмоўніца жыла ў Львове. Туды паехала да сваякоў. Кажа, што ўладкавацца выхавальніцай там ёй не ўдалося, бо ня ведала ўкраінскай мовы. Таму рабіла бухгальтарам у дзіцячым садку. Час ад часу ёй давяралі працу важатай.

Варвара Гаўрыленка, калі жыла ў Львове

Асеўшы ва Ўкраіне, Варвара Гаўрыленка ўладкавалася бухгальтаркай на Львоўскі завод аўтапагрузчыкаў. Баялася, каб ня страціць месца, бо ня мела дыплёму.

«У 50 гадоў пайшла на бухгальтарскія курсы за свае грошы, — апавядае доўгажыхарка. — Зь мяне начальства дзівілася, бо вучылася зь дзесяціклясьнікамі. Заводзкая моладзь была лянівая і не хацела вучыцца, хоць у прадпрыемства былі фонды на гэта».

Ва Ўкраіне Варвара Гаўрыленка захапілася вязаньнем, вышываньнем ды нават шыла буркі. Іх прадавала і раздавала. На радзіму зь Львова яна прывезла калодкі, каб ня кідаць свайго занятку.

У 1994 годзе вярнулася ў Беларусь, бо «дужа захварэла на чужыне»: занядужалі ногі, стала кепска з сэрцам і пячонкаю.

«У родную старонку я прыехала паміраць, але тут акрыяла, і мне хапіла сілы дажыць да 100 гадоў», — з усьмешкай кажа яна.

Украінскае пасьведчаньне ўдзельніка вайны. Беларускага ў Варвары Гаўрыленкі няма

Працоўны стаж у Ларысы Гаўрыленкі — больш за 37 гадоў. У Беларусі яна мае званьне «Вэтэран працы», а ва Ўкраіне была яшчэ і «Ўдзельнікам вайны». Пакуль дазвалялі сілы, вяла дзёньнік і пісала гісторыю Кашан.

«Мой тата пражыў 105 гадоў, і я столькі ж пражыву»

На сваё цяперашняе жыцьцё Варвара Гаўрыленка не наракае, хоць і прызнаецца, што быць прыкутай да сваёй кватэры ёй не падабаецца. Рэшту гадоў яна хоча пражыць ціха, але стаўшы на ногі.

«Мяне ногі не трымаюць, але я абавязкова пайду, толькі цягліцы нарашчу», — кажа яна.

Недашытыя Варварай Гаўрыленкай буркі. Спадзяецца дарабіць

Суразмоўніца перакананая, што пражыве да 105 гадоў, як бацька. Пра гэта «ёй наваражылі». Кажа, што ў ейным родзе было шмат доўгажыхароў.

«Мая мама таксама памерла ў глыбокай старасьці. Яна была захварэла, дык я яе выхадзіла, і пасьля яна жыла яшчэ 14 гадоў. А адна з маіх сясьцёр памерла ў 99», — кажа Варвара Гаўрыленка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На беларусах ня раз ставілі крыж». 100-гадовы беларус пра свой век і выпрабаваньне каранавірусам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё мінецца». 100-гадовая бабруйчанка пра каранавірус і сваё жыцьцё