Эўракамісар Вархей: выкліканы COVID-19 крызіс паказаў зьмены ў падыходзе Беларусі да стасункаў з Эўразьвязам

Олівэр Вархей, архіўнае фота

Крызіс, выкліканы пандэміяй COVID-19, зьмяніў падыход Беларусі да дачыненьняў з Эўразьвязам. Пра гэта заявіў эўракамісар у пытаньнях суседзтва і пашырэньня Олівэр Вархей 19 траўня на слуханьні ў камітэце замежных спраў Эўрапарлямэнту.

«Цяпер у Беларусі зьявілася ўнікальная магчымасьць, — перадае БелаПАН словы Вархея. — Праз выкліканы COVID-19 крызіс мы бачым узьнікненьне зусім іншага падыходу ў краіне ў дачыненьні да Эўразьвязу. Урад працуе з намі, у нас ужо было некалькі кантактаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брусэль: Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19, калі будзе выконваць рэкамэндацыі САЗ

Ён адзначыў, што Беларусь зьвярнулася да Эўразьвязу з просьбай аб макрафінансавай дапамозе для барацьбы з эканамічнымі наступствамі пандэміі каранавірусу.

«Мы стараемся дапамагчы, — сказаў Вархей. — На жаль, яны пакуль не змаглі дамовіцца з МВФ аб дапамозе. Гэта для нас адна з абавязковых перадумоў для даваньня дапамогі.

Але, як толькі дамовяцца і як толькі мы дамовімся аб канкрэтных умовах, тады мы, вядома ж, неадкладна дамо макрафінансавую дапамогу. І я лічу, што гэта гістарычная магчымасьць паспрабаваць стварыць станоўчы імпульс у нашых адносінах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зьвярнулася па крэдыт МВФ, які не хацела прасіць яшчэ тыдзень таму

Вархей нагадаў, што для для краін «Усходняга партнэрства» Эўразьвязу выдзеліў 80 млн эўра на неадкладныя патрэбы сыстэмы аховы здароўя і больш за 883 мільёны эўра на падтрымку сацыяльна-эканамічнага аднаўленьня, галоўным чынам дзяржаўнага сэктару і малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

Акрамя таго, да канца месяца паступяць сродкі індывідуальнай абароны, закупленыя Сусьветнай арганізацыяй здароўя на сродкі Эўразьвязу ў рамках адмысловай праграмы падтрымкі сыстэм аховы здароўя для краін «Усходняга партнэрства» на 30 млн эўра.

«Улічваючы крытычную сытуацыю і чаканыя цяжкія наступствы для сацыяльна-эканамічнай сытуацыі, гэта момант праявіць салідарнасьць і супрацоўніцтва. Мы хутка адрэагавалі і далі дапамогу нашым партнэрам», — сказаў Вархей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусі трэба 2,5 млрд даляраў на аплату доўгу. Менск зьвярнуўся па новыя крэдыты МВФ і Кітаю