Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўстанавіла парадак падаўжэньня і скарачэньня тэрмінаў знаходжаньня грамадзян на самаізаляцыі.
Гэта прадугледжана пастановай міністэрства № 49 ад 8 траўня 2020 году, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Каму падоўжаць тэрмін самаізаляцыі
У адпаведнасьці з дакумэнтам, тэрміны самаізаляцыі для беларусаў і іншаземцаў падаўжаюцца ў выпадку:
- калі ў кантактнай асобы першага ўзроўню пацьвердзяць інфэкцыю COVID-19 пры паўторным лябараторным дасьледаваньні;
- пры атрыманьні другога станоўчага тэсту на каранавірус;
- калі кантакту першага ўзроўню ў апошні дзень пэрыяду самаізаляцыі не завяршылі мэдыцынскі агляд (напрыклад, не прыйшлі вынікі апошняга тэсту на каранавірус).
У гэтых выпадках прадстаўнікі арганізацый аховы здароўя будуць уручаць людзям дадатковае патрабаваньне аб знаходжаньні ў самаізаляцыі з указаньнем яе канкрэтных тэрмінаў.
Каму могуць скараціць тэрмін самаізаляцыі
Скараціць тэрміны ізаляцыі могуць тым, хто толькі што прыехаў з-за мяжы (беларусаў і іншаземцам), у наступных выпадках:
- калі чалавек прыехаў для аказаньня спэцыялізаванай, у тым ліку высокатэхналягічнай, мэдыцынскай дапамогі ў арганізацыях аховы здароўя;
- пры хадайніцтве арганізацыі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, у дачыненьні да замежных спэцыялістаў, якія прыехалі для выкананьня работ або аказаньня паслуг;
- пры адмоўным тэсьце на COVID-19 пры ўмове, што ён зроблены не пазьней за 2 дні да даты перасячэньня мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Цяпер закон. У Беларусі прынялі правілы знаходжаньня на самаізаляцыіУ пачатку красавіка Міністэрства аховы здароўя прыняло пастанову зь пералікам правілаў для тых, каму належыць 14 дзён быць у самаізаляцыі. Самаізаляваным нельга пакідаць месца знаходжаньня бяз крайняй неабходнасьці.
На вуліцу можна выйсьці, толькі калі трэба:
- схадзіць у найбліжэйшую прадуктовую краму ці аптэку (і няма магчымасьці замовіць тавары з дастаўкай праз інтэрнэт);
- выгуляць свойскіх жывёлаў (але нельга адыходзіць далей за паўкілямэтра ад дому);
- вынесьці сьмецьце ў найбліжэйшае месца збору адходаў.
На вуліцы неабходна быць у масцы і пальчатках і трымацца за паўтара мэтра ад іншых людзей.
Калі тавары прывозіць кур’ер, нельга зь ім кантактаваць.
Дома трэба жыць у асобным пакоі, каб не кантактаваць зь іншымі насельнікамі. Калі асобнага пакою няма, трэба трымаць дыстанцыю 1,5 мэтра ад іншых, насіць мэдычную маску, мець асобную пасьцельную бялізну, ручнікі, посуд; дакранацца да прадметаў, ручак, кранаў толькі праз аднаразовую сурвэтку.
Парушальнікаў самаізаляцыі ў Беларусі могуць штрафаваць і прымусова шпіталізаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Парушальнікаў самаізаляцыі ў Беларусі могуць прымусова шпіталізаваць