Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп унёс у Сэнат ЗША 30 кандыдатур чыноўнікаў і дыпляматаў, у тым ліку кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду амбасадара ў Беларусі.
Трамп назваў Фішэр патэнцыйнай кандыдаткай на гэтую пасаду 21 красавіка.
Сэнат ЗША цяпер аднавіў працу пасьля перапынку, выкліканага пандэміяй каранавірусу. Сэнатары зьбіраюцца ў Капітоліі, але трымаюцца належнай дыстанцыі, працуюць у масках і пальчатках.
Джулі Фішэр — кар'ерная дыпляматка, цяпер займае пасаду намесьніцы памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Заходняй Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу.
Раней яна была часовай паверанай у справах у амбасадзе ЗША ў Расеі, намесьніцай кіраўніка місіі ЗША ў NATO, намесьніцай дырэктара офісу генэральнага сакратара NATO, дарадцай у палітычных і эканамічных справах у амбасадзе ЗША ў Грузіі, а таксама займала адміністрацыйныя пасады ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.
Фішэр атрымала ступень бакаляўра ва Ўнівэрсытэце Паўночнай Караліны і ступень магістра ў Прынстанскім унівэрсытэце. Яна валодае расейскай, францускай і грузінскай мовамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і БеларусьсюАд 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працавала ў скарочаным складзе на чале не з амбасадарам, а з павераным. Узровень дыпляматычных стасункаў быў паніжаны на патрабаваньне афіцыйнага Менску. ЗША адклікалі свайго амбасадара ў Менску, калі Аляксандар Лукашэнка загадаў скараціць колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у краіне.
Адносіны паміж краінамі пагоршыліся пасьля ўвядзеньня Вашынгтонам санкцый супраць парушэньня правоў чалавека і палітычных рэпрэсій падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ў Беларусі.
ЗША і Беларусь упершыню абвясьцілі пра пляны абмену амбасадарамі ў верасьні 2019 году, калі высокі чыноўнік Дзярждэпартамэнту Дэвід Гэйл сустрэўся з Лукашэнкам у Менску.