Бізнэсовец і сябра выканкаму Міжнароднай фэдэрацыі самба Ўладзімер Япрынцаў, якога два дні таму выпісалі зь лякарні «лечкамісіі», сказаў, што абавязкова пойдзе на парад 9 траўня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Нават калі б не было параду, то я ўзяў бы кветкі і пайшоў на плошчу Перамогі. Ухутаў бы сваю фізіяномію, каб нікому не нашкодзіць, і хоць паўзком дайшоў бы да плошчы Перамогі і паклаў бы кветкі».
Уладзімер Япрынцаў лекаваўся ад двухбаковага запаленьня лёгкіх і каранавірусу ў Рэспубліканскім клінічным мэдцэнтры кіраўніцтва спраў прэзыдэнта ў Ждановічах. Пасьля двух адмоўных тэстаў на COVID-19 яго выпісалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Бізнэсовец Япрынцаў расказаў, як перахварэў на COVID-19, і пахваліў Лукашэнку«Я вельмі ўдзячны ўсяму калектыву. Для мяне гэта не было згубленым часам, быў час падумаць і зрабіць нейкія высновы. Цяпер я нармальна сябе адчуваю, выконваю ўсе рэкамэндацыі сваіх любімых дактароў, раблю практыкаваньні на дыханьне, невялікія фізычныя нагрузкі. Там я ўбачыў герояў, захутаных, нібы марсіяне, санітаркі працуюць па 12 гадзін, а лекары па 8. Гэта як пераадоленьне, як пэўныя ваенныя дзеяньні».
Ўладзімер Япрынцаў мяркуе, што, «хутчэй за ўсё», прывёз каранавірус з Масквы. Цяпер на амбуляторным лячэньні дома з COVID-19 знаходзяцца жонка і дачка Ўладзімера Япрынцава. А цешча ляжыць у лякарні з двухбаковай пнэўманіяй і каранавірусам, стан яе здароўя «стабільны».
Паводле Ўладзімера Япрынцава, у бальніцы «лечкамісіі» хворых на каранавірус стала больш.
Уладзімер Япрынцаў сказаў, што яго наведваюць сябры, у тым ліку бард Анатоль Длускі, які «напісаў усе асноўныя спартыўныя песьні», сярод якіх «Гімн самба» і «Гімн дзюдо».
«Ён якраз прыйшоў мяне падтрымаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Усё на самым сучасным узроўні». Япрынцаў расказаў пра свой каранавірус і лячэньне ў «прэзыдэнцкім» мэдцэнтрыУладзімер Япрынцаў кажа, што надзявае маску, калі прыходзяць людзі, хоць знаходзіцца на самаізаляцыі ў асобным памяшканьні.
А якія рэкамэндацыі далі дактары Ўладзімеру Япрынцаву, чаго варта асьцерагацца?
«Трэба сур’ёзна ставіцца да рэкамэндацый, мыць рукі з мылам, не падыходзіць, ня дыхаць адзін на аднаго, трымацца адлегласьці. Калі нехта ідзе ў масавае зграмаджэньне людзей, трэба надзяваць маскі. Гэта ўсё здаецца, маўляў, дзіцячыя размовы. Паверце, маскі ратуюць. Урэшце Пан Бог убачыць, што ты перажываеш за сваё здароўе, і табе дапаможа. А калі ты сам пра сябе ня думаеш, то трэба ж думаць пра іншых».