Ня толькі каранавірус. Колькі эпідэмій перажыў Жыровіцкі манастыр за 500 гадоў сваёй гісторыі

Манастыр у Жыровічах

На карантыне адзін з галоўных цэнтраў беларускага хрысьціянства — Сьвята-Ўсьпенскі мужчынскі манастыр і Найвышэйшая духоўная сэмінарыя ў мястэчку Жыровічах на Слонімшчыне. Дзясяткі сьвятароў, манахаў і сэмінарыстаў шпіталізаваныя, доступ наведнікаў за манастырскія муры спынены. Прычына — пандэмія каранавірусу, якая зачапіла манастыр.

Свабода сабрала зьвесткі пра іншыя эпідэміі ў гісторыі Жыровіцкага манастыра, які сёлета адзначае 500-годзьдзе.

500 гадоў манастыру ў Жыровічах. Асноўныя даты

  • 1470. На ўскрайку маёнтка Жыровічы зьявіўся абраз Маці Божай, названы Жыровіцкім. У гонар падзеі паставілі драўляны храм.
  • 1520. На месцы цудадзейнай знаходкі вакол храма заснавалі праваслаўны мужчынскі манастыр.
  • 1613. Перайшоў у рукі базыльянаў (манахаў грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы, якія зрабілі манастыр галоўным цэнтрам Уніі. Першы ігумен — Язафат Кунцэвіч.
  • 1730. Цудатворны каменны абраз з Жыровіцкага манастыра ўрачыста каранавалі залатымі папскімі каронамі, а Маці Божая Жыровіцкая абвешчана апякункай і заступніцай беларускага народу.
  • 1810–1828. Жыровіцкі манастыр — галоўная рэзыдэнцыя Берасьцейскай уніяцкай эпархіі.
  • 1828–1839. Жыровіцкі манастыр — галоўная рэзыдэнцыя Літоўскай уніяцкай эпархіі.
  • 1839. Падчас цараваньня ў Расеі імпэратара Мікалая I частку манахаў перавялі ў праваслаўе, іншых адправілі ў манастыры за межамі Беларусі.
  • 1921–1939. Пад уладай міжвеннай Польшчы манастырскі храм-кальварыя (царква Узвышэньня Сьвятога Крыжа) знаходзіўся ў карыстаньні рымскіх католікаў.
  • 1945. У Жыровіцкім манастыры адкрытыя пастырскія курсы.
  • 1947. Пачала працаваць духоўная сэмінарыя.
  • 1963. Закрыцьцё сэмінарыі. Пры гэтым у манастыры працягвалі жыць манахі.
  • Канец 1980-х — пачатак 1990-х. Адраджэньне манастыра. Пасьля 26-гадовага перапынку аднавіла працу Менская духоўная сэмінарыя.
  • ХХІ ст. Манастыр стаў рэзыдэнцыяй шэрагу царкоўных ярархаў, тут працуе Найвышэйшая духоўная сэмінарыя, жывуць звыш паўсотні манахаў.

Рыхтаваліся прымаць паломнікаў, а трапілі на карантын

Жыровіцкі манастыр

У траўні ў Жыровічах зьбіраюцца адзначыць адразу два вялікія юбілеі. 500-годзьдзе заснаваньня манастыра і 550 гадоў знаходкі сьвятога цудатворнага абраза Маці Божай Жыровіцкай.

Урачыстасьці заплянавалі на 18-20 траўня, чакалася вялікая колькасьць паломнікаў з розных куткоў Беларусі і сьвету, прыезд кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы патрыярха Кірылы, высокапастаўленых чыноўнікаў зь Менску і Масквы.

Будаўнічымі і аднаўленчымі работамі ў свой час тут асабіста апекавалася экс-кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава. Пад яе кантролем скончылі даўгабуд трапэзнай з гатэлем для паломнікаў, на які шмат гадоў не маглі знайсьці сродкаў. Аднавілі драўляны дом, дзе ў свой час жылі царкоўныя ярархі.

Зроблены капітальны рамонт брацкага корпусу і званіцы. Усяго прывялі да ладу блізу трох дзясяткаў аб’ектаў. Аднак маштаб сьвяткаваньняў, на якія разьлічвала падначаленае Маскоўскаму патрыярхату духавенства Беларускай праваслаўнай царквы, можа быць моцна адкарэктаваны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З манастыра і сэмінарыі ў Жыровічах шпіталізавалі больш за 40 чалавек

Неўзабаве пасьля Велікодных богаслужбаў амаль паўсотні насельнікаў манастыра і навучэнцаў сэмінарыі трапілі ў лякарні Слоніма і Горадні з пнэўманіяй ці падазрэньнем на каранавірус. У ліку шпіталізаваных і архіепіскап Наваградзкі і Слонімскі Гурый. Да канца не вядомая агульная карціна, бо цягам некалькіх дзён у малебнах і хрэсных хадах удзельнічала вялікая колькасьць прыхаджанаў рознага ўзросту.

Праз складаную эпідэміялягічную сытуацыю сам меней да 10 траўня манастыр і дом паломнікаў ня будуць прымаць наведнікаў. Службы ў храмах працягнуцца, але ў закрытым для вернікаў рэжыме.

У Жыровічах спадзяюцца, што да юбілейных імпрэзаў «усё нармалізуецца». Хоць не выключаюць і форс-мажору: праваслаўны мітрапаліт Павел апошнім часам неаднаразова заклікаў адзінаверцаў устрымацца ад масавых збораў хаця б да праходжаньня піку распаўсюджаньня каранавірусу.

У Жыровічах былі і чума, і пранцы, і халера

Як вынікае з гістарычных дакумэнтаў, гэта ня першае выпрабаваньне хваробамі, якое выпала на долю жыровіцкіх манахаў ды жыхароў мястэчка.

Войны, рэлігійныя канфлікты, гандлёвая актыўнасьць выклікалі і масавыя хваробы, у тым ліку ў Жыровічах, гаворыць у інтэрвію Свабодзе слонімскі краязнаўца Сяргей Чыгрын.

У сярэдзіне ХV стагодзьдзі беларускія землі хай не ў такой ступені, як заходняя і паўднёвая частка Эўропы, апынуліся пад уладай чумы. Гэта прыблізна той час, калі ў Жыровічах пачалі закладаць манастыр. У якой ступені пацярпелі яго першыя насельнікі, дакладна невядома. Але памерлых было шмат.

Былі і пошасьці, выкліканыя міграцыяй насельніцтва. Як прыклад Чыгрын прыводзіць габрэяў, якія беглі ад пагромаў, што хваляй пракаціліся па эўрапейскіх краінах, і прыносілі з сабою хваробы.

«У 1605 годзе тагачасны ўладальнік Жыровіцкага маёнтку Іван Солтан забіў аднаго габрэя за тое, што той занёс „заразу ў мястэчка“, — цытуе ён запісы сваіх архіваў. — Гэтай заразай, відаць, былі пранцы, сыфіліс — распаўсюджаны ў Эўропе, але яшчэ мала вядомы сярод беларусаў».

Больш зьвестак захавалася пра пазьнейшы час. У пачатку ХVIII стагодзьдзя распачалася Паўночная вайна паміж Швэцыяй і Расеяй. Беларуская тэрыторыя ў складзе Рэчы Паспалітай стала пляцдармам для баёў. Жыровіцкі манастыр і яго маёнткі былі спустошаныя швэдзкімі войскамі, якія ўзялі зь яго велізарную кантрыбуцыю.

Цягам 1708–1712 гадоў у Беларусі і Літве былі адзначаныя выбухамі чумы, якая прывяла да масавай гібелі насельніцтва. Паводле архіўных зьвестак, як і іншыя мясцовасьці, гэтая пошасьць спустошыла і Жыровіцкі манастыр. З усіх насельнікаў у жывых застаўся толькі ераманах Мікалай Акуневіч. У адзіночку ён пахаваў больш за 600 братоў па веры ды месьцічаў — спачатку на могілках, а затым паўсюдна на тэрыторыі манастыра, нават на агародах.

Празь нейкі час манастыр адрадзіўся, былі збудаваныя новы манаскі корпус, падсобныя памяшканьні, агароджа. Паўстала драўляная Георгіеўская (Юр’еўская) царква — пяты па ліку храм Жыровічаў. Храм знаходзіцца якраз на старых могілках, на так званай «Юр’евай горцы». 6 траўня ў дзень сьвятога велікамучаніка Георгія (паводле новага стылю), пасьля літургіі ва Ўсьпенскім саборы браты манастыра, навучэнцы духоўных школаў і паломнікі хрэсным ходам накіроўваюцца ў Георгіеўскі храм, дзе адбываецца малебен.

Паводле зьвестак Сяргея Чыгрына, у 1831 годзе ў Жыровічах гаспадарыла халера. Мясцовую сэмінарыю перад задушэньнем антырасейскага паўстаньня занялі царскія салдаты, але вельмі хутка пакінулі яе, ратуючыся ад халеры. Сэмінарысты не адразу пачалі заняткі з прычыны гэтай пошасьці.

Няма дакладных зьвестак, як манахі супрацьстаялі «гішпанцы» — небясьпечная форма грыпу ахапіла плянэту ў апошні год Першай сусьветнай вайны. Эпідэмія працягвалася да 1920 году і забіла, паводле розных ацэнак, да 100 мільёнаў чалавек з паўмільярда інфікаваных.

Падобна, што манастыр тым разам навала абышла бокам, бо вядома, што асноўны ўдар хваробы прынялі Віцебшчына і Магілёўшчына.

Каранавірус у вершы сучаснага манаха

Манах Іаан

Чарговае выпрабаваньне — на гэты раз каранавірусам — насельнікі Жыровічаў успрымаюць стаічна. Самы стары манах Беларусі Іаан, які да пострыгу быў вядомы як паэт Зьніч, музыка, філёзаф Алег Бембель, на сусьветную навалу адрэагаваў паэтычнымі радкамі:

Без «намордніка» на ўзгорку
Вызнаю імунітэт.
Мне і соладка, і горка
Рыхтавацца на той сьвет.
Соладка — бо стрэне Збаўца.
Горка — ад былых грахоў.
Божа, дай мне не паддацца
Здрадзе й кінуць шлях Хрыстоў!

Чым слаўныя Жыровічы

Жыровічы месьцяцца недалёка ад Слоніма. Асноўная славутасьць мястэчка — мужчынскі Сьвята-Ўсьпенскі манастыр, заснаваны ў сярэдзіне XV стагодзьдзя.

Згодна з паданьнем, у 1470 годзе ля маёнтку, у кроне дзікай грушы, пастухі знайшлі цудатворны абраз Божай Маці, выразаны зь яшмы. І аднесьлі ўладальніку гэтай мясцовасьці, земскаму падскарбію ВКЛ Аляксандру Солтану. Пан не зьвярнуў увагі на аповед, але паклаў абраз у куфэрак. Празь нейкі час гаспадар хацеў паказаць знаходку гасьцям, аднак у скрынцы нічога не знайшоў. Неўзабаве тыя ж пастухі знайшлі абраз на месцы першага зьяўленьня. Тады Солтан прыняў абраз з пашанай і збудаваў на месцы знаходкі драўляную царкву ў гонар Прасьвятой Багародзіцы. Побач паўстала селішча, а цуды зрабілі Жыровічы месцам паломніцтва.

У 1520 годзе здарыўся пажар, храм згарэў, абраз прапаў. Пошукі іконы плёну ня мелі. Аднойчы сялянскія дзеці недалёка ад папялішча ўбачылі Дзеву, якая сядзела на камені. Людзі са сьвятаром накіраваліся туды і пабачылі на камені запаленую сьвечку і цудатворны абраз. Надворны маршалак ВКЛ Іван Аляксандравіч Солтан, якому маёнтак перайшоў у спадчыну, у гонар другога аднойдзеньня іконы заклаў на тым месцы новую мураваную царкву. Прастолам стаў камень, на якім сядзела Прасьвятая Дзева Марыя. А ўжо пры храме паўстаў праваслаўны мужчынскі манастыр.

У 1613-м манастыр перайшоў манахам грэка-каталіцкай царквы і стаў галоўным цэнтрам Ордэну Найсьвяцейшай Тройцы. Першым ігуменам быў Язафат Кунцэвіч. Базыльяне ўзьвялі комплекс з мураваных храмаў барочнай архітэктуры. У 1730-м у прысутнасьці тысяч вернікаў бізантыйскага і лацінскага абраду цудатворная ікона была каранаваная дзьвюма залатымі папскімі каронамі, а Маці Божая Жыровіцкая абвешчаная апякункай і заступніцай беларускага народу. У 1810–1828 манастыр быў рэзыдэнцыяй Берасьцейскай уніяцкай эпархіі, а да 1839-га — Літоўскай. Пасьля на загад расейскага імпэратара Мікалая I яго перавялі ў праваслаўе.

Ад 1921-га да верасьня 1939-га Жыровічы ўваходзілі ў склад Польшчы. У міжваенны час манастырскі храм быў у карыстаньні рымскіх каталікоў, у частцы комплексу працавала сельскагаспадарчая школа. І пры тым у манастыры жылі 10 манахаў.

Нягледзячы на войны і атэістычную палітыку савецкай улады, у ХХ стагодзьдзі манастыр функцыянаваў бесьперапынна. Тут знайшлі прытулак манахі і манашкі, выгнаныя бальшавікамі зь іншых манастыроў — Нараджэньня Багародзіцы з Горадні і Спаса-Эўфрасіньнеўскага з Полацку . У 1945-м запрацавалі пастырскія курсы. Праз два гады яны былі ператвораныя ў сэмінарыю, якая праіснавала да пачатку 1960-х.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады пайшлі на саступкі: прыбудовы да званіцы ў Жыровічах вырашана пакінуць

За часамі перабудовы пачалося адраджэньне манастыра. У 1989-м аднавіла працу Менская духоўная сэмінарыя, якой з абвяшчэньнем незалежнасьці быў нададзены статус вышэйшай духоўнай школы з прысваеньнем імя сьвяціцеля Кірылы Тураўскага. Тут займаюцца больш за 100 сэмінарыстаў.

Ансамбаль Сьвята-Ўсьпенскага манастыра ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь як каштоўнасьць першай катэгорыі. Тут жывуць, моляцца і працуюць паўсотні манахаў.

У комплекс уваходзяць Богаяўленская, Крыжаўзьдзьвіжанская царква і Усьпенскі сабор са званіцай, царква іконы Божай Маці Жыровіцкай, зімовы храм у імя сьвяціцеля Мікалая Цудатворца, царква Сьвятога Георгія, сэмінарыя, манастырскі комплекс, трапэзная, гаспадарчыя пабудовы, падворак. Манастыр забясьпечвае сябе прадукцыяй з уласнага гароду.

Галоўная сьвятыня — цудатворны абраз Божай Маці Жыровіцкай. Гэта самая маленькая з шанаваных іконаў, 5,6 на 4,4 сантымэтра. Асабліва шанаванае сьвята — зьяўленьне абраза — 7/20 траўня. Менавіта на гэтую дату і заплянавалі юбілейныя падзеі.