У Міністэрстве адукацыі лічаць, што студэнты і школьнікі мусяць асабіста прысутнічаць на атэстацыі. Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўленьня прафэсійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Касьпяровіч на тэлеканале СТВ.
Што маецца на ўвазе? Залікі, экзамэны і гадавыя адзнакі школьнікаў.
«Атэстацыю мы плянуем пры непасрэдным узаемадзеяньні выкладчыка ці камісіі з навучэнцамі», — сказаў Касьпяровіч.
Касьпяровіч адзначыў, што ў кодэксе аб адукацыі зафіксавана неабходнасьць асабістай прысутнасьці навучэнца. На думку чыноўніка, недастаткова, каб выкладчык бачыў твар навучэнца ў дыстанцыйным фармаце. На думку чыноўніка, на сёньня няма ні тэхналягічнай магчымасьці правесьці атэстацыю па-іншаму, ні гарантый забесьпячэньня якасьці адукацыйнага працэсу.
«Асабісты ўдзел — гэта дэманстрацыя асабістых ведаў», — сказаў Касьпяровіч.
Мінадукацыі разглядае магчымасьці пазьбегнуць масавага збору людзей, у тым ліку варыянты складаньня графікаў экзамэнаў так, каб студэнты прыходзілі ў розны час, плянуецца выкарыстаньне вялікіх аўдыторый. Падобны падыход будзе і са школьнікамі.
«Калі дзеці ня ходзяць на заняткі, гэтым самым прадухіляючы і для сябе, і для сваякоў магчымасьць кантактаваць, напрыклад, зь людзьмі, якія, напрыклад маюць захворваньні, нават у схаванай форме, на атэстацыю ўсё ж такі яны павінны прыйсьці».
- 21 красавіка намесьнік міністра адукацыі Беларусі Аляксандар Кадлубай заявіў, што школьнікаў могуць атэставаць па выніках ацэнак, якія яны атрымалі ў трох чвэрцях.
- 25 красавіка настаўнікі напісалі адкрыты ліст міністру адукацыі Ігару Карпенку, дзе просяць перагледзець падыход да атэстацыі па выніках чацьвёртай чвэрці для вучняў, якія вучацца дома. На думку настаўнікаў, вучобу дзяцей рэальна ацаніць, выставіць адзнаку за чацьвёртую чвэрць і ўлічваць яе пры гадавой атэстацыі.
- Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран 25 красавіка сказаў, што рашэньне па атэстацыі плянуюць прыняць пасьля 4 траўня.