Дырэктара ААТ «Карэлічы-лён» Сяргея Тура затрымалі 17 красавіка, расказалі парталу Tut.by на прадпрыемстве. Раней пра затрыманьне паведаміў ананімны Telegram-канал «Гродненские сливы» — нібыта затрымалі падчас атрыманьня хабару ў 4500 даляраў за «рашэньне пытаньня аб закупцы насеньня».
Афіцыйных паведамленьняў пра затрыманьне не было, атрымаць апэратыўны камэнтар у сілавікоў не ўдалося. Паводле Tut.by, «на прадпрыемстве факт затрыманьня кіраўніка пацьвердзілі». Галоўны інжынэр заводу Іван Лаўровіч, які цяпер выконвае абавязкі начальніка, сказаў выданьню, што «завод працуе як раней», пра затрыманьне Сяргея Тура «ходзяць розныя чуткі», але ён ім «ня верыць».
Прадпрыемства «Карэлічы-лён» было заснаванае ў 1974 годзе, у 2014-м там прайшла мадэрнізацыя — цяпер завод называюць адным з найбуйнейшых у перапрацоўцы лёну на тэрыторыі СНД.
Аляксандар Лукашэнка летась у верасьні наведваў прадпрыемства, «пазытыўна адгукаўся» пра льняную галіну Горадзенскай вобласьці і абодва тамтэйшыя льняныя заводы — называў іх «ідэальнай сыстэмай», якой «не патрэбная ніякая мадэрнізацыя, ніякая навука». У Карэлічах ён адзначаў, што завод наладзіў безадходную вытворчасьць, прыводзіў у прыклад іншым.
Тады Лукашэнка крытыкаваў льняную галіну суседняй Віцебскай вобласьці — маўляў, мо ня трэба восем заводаў, чатырох дастаткова. Мадэрнізацыю галіны ён апісваў як «вайну», а таксама згадваў, што лён быў на гербе БССР і застаецца на сучасным афіцыйным гербе Рэспублікі Беларусь, бо гэта «палітычная культура». Таксама ў час візыту ў Карэлічы Лукашэнка расказаў, што «жонцы прэзыдэнта ЗША перадаў выраб з ільну — яны ахаюць і вохкаюць, пытаюцца: „А дзе гэта можна купіць?“»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пахваліўся, што ягоны падарунак прымусіў «ахаць і вохкаць» жонку Трампа