Магілёўскі аблвыканкам прызнаў заражэньне каранавірусам выхаванцаў Вясноўскага дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця, але не назваў колькасьць інфікаваных.
Паводле зьвестак дабрачыннага фонду Chernobyl Children International, на COVID-19 захварэлі 13 дзяцей.
Каранавірус выявілі спачатку ў работніцы дому-інтэрнату, а потым узялі мазкі ва ўсяго пэрсаналу і выхаванцаў, паведаміў 24 красавіка абласны камітэт працы, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва.
«У некаторых былі атрыманыя станоўчыя вынікі. У бальшыні зь іх сымптомаў хваробы няма», — гаворыцца ў паведамленьні камітэту, якое падае дзяржаўнае агенцтва Mogilevnews.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасьцямі на Магілёўшчыне выявілі каранавірус
Міжнародны фонд Chernobyl Children International: заразіліся прынамсі 13 дзяцей і 10 супрацоўнікаў
Пра тое, што санітарка дому-інтэрнату захварэла на каранавірус, стала вядома 21 красавіка. Тады дырэктар установы Вячаслаў Клімовіч прызнаў, што яго падначаленую шпіталізавалі, але ўхіліўся ад адказу на пытаньне, ці заразіліся ад яе выхаванцы.
23 красавіка ў інтэрвію ірляндзкаму тэлеканалу RTE заснавальніца міжнароднага фонду Chernobyl Children International Эдзі Рош (Adi Roche) заявіла, што ў Вясноўскім доме-інтэрнаце, зь якім ейная арганізацыя шмат гадоў супрацоўнічае, адбылася ўспышка каранавірусу. Паводле Эдзі Рош, прынамсі 13 дзяцей заразіліся і ім пагражае небясьпека, бо ў сувязі з генэтычнымі асаблівасьцямі разьвіцьця ў іх аслаблены імунітэт. Яна таксама заявіла, што каранавірус пацьвердзілі ў 10 супрацоўнікаў дому-інтэрнату.
Вясноўскі дом-інтэрнат — за 18 кілямэтраў ад Глуску. У ім 170 гадаванцаў, якія маюць патрэбу ў спэцыяльным навучаньні, асаблівым клопаце, бытавым і мэдычным абслугоўваньні. У бальшыні бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў ці самі адмовіліся ад дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця.
Паводле Мінздароўя, на 24 красавіка ў Магілёўскай вобласьці было 396 пацьверджаных выпадкаў захворваньня на COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеіГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пракуратура вывучае, як змагаюцца з каранавірусам у інтэрнатах для старых. Ёсьць пакараныя