«Зьвяртаюцца з усяго сьвету». Прэзыдэнт Мадагаскару зь вялікай помпай прадставіў «лек» ад каранавірусу

Андрэ Радзуэліна

Прэзыдэнт Мадагаскару Андрэ Радзуэліна прадставіў «лекі ад каранавірусу». Гаворка ідзе пра адвар пад назвай Covid Organics — на базе палыну і іншых мясцовых траваў. Поўны склад трымаюць у сакрэце, паведамляе Францускае радыё.

Як паведамляе карэспандэнт RFI з Антананарыву, прэзэнтацыя прэпарата «прайшла зь вялікай помпай» пры ўдзеле міністраў, дыпляматаў і навукоўцаў.

Адвар распрацавалі ў Малагасійскім інстытуце прыкладных дасьледаваньняў (IMRA). Генэральны дырэктар інстытуту заявіў, што палын умацоўвае імунную сыстэму, таму напой у першую чаргу прызначаны для прафіляктыкі каранавіруснай інфэкцыі. Але клінічныя тэсты яшчэ не завяршыліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трактар з гарэлкай і дым гармалы. Што кіраўнікі розных дзяржаваў раяць рабіць падчас эпідэміі

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ўжо два чалавекі паправіліся ад COVID-19 дзякуючы адвару.

«Мы хочам як мага шырэй распаўсюдзіць гэтыя лекі, каб абараніць насельніцтва, — паведаміў прэзыдэнт. — Да нас ужо зьвяртаюцца з усяго сьвету, з Канады, з ЗША, з Эўропы з просьбай даслаць наш прадукт».

Як адзначае карэспандэнт RFI, адвар быў створаны за некалькі дзён і невядома, у якіх умовах яго тэставалі.

Па афіцыйных дадзеных, на Мадагаскары выяўлены 121 выпадак заражэньня каранавірусам і няма ніводнай сьмерці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэс-сакратарка Лукашэнкі: «Прэзыдэнт ня будзе сыходзіць у ізаляцыю, аддаленку і іншае»