Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант заявіла РИА Новости, што Аляксандар Лукашэнка ня будзе самаізалявацца ў сувязі з тым, што хакеіст прэзыдэнцкай хакейнай каманды заразіўся каранавірусам і шпіталізаваны з пнэўманіяй.
На пытаньне, ці здаваў Лукашэнка тэст на каранавірус, яна адказала, што цяпер у гэтым няма неабходнасьці. «Прэзыдэнт ня быў і ня будзе сыходзіць у ізаляцыю, аддаленку і іншае», — дадала яна.
Паводле Эйсмант, нядаўніх кантактаў з Лукашэнкам у хворага хакеіста не было. «Дзьмітры захварэў праз прыкладна тыдзень пасьля заканчэньня аматарскага чэмпіянату Беларусі па хакеі, калі ўся каманда знаходзілася ў адпачынку», — патлумачыла Натальля Эйсмант.
Адказваючы на пытаньне пра самаадчуваньне Лукашэнкі, прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі сказала: «Не дачакаецеся! Як пацьверджаньне (добрага самаадчуваньня Лукашэнкі. — РС) — глядзіце на працоўныя будні прэзыдэнта, у прыватнасьці, рэпартажы беларускага тэлебачаньня зь сёньняшняга наведваньня прадпрыемства ў Бабруйску».
Паводле Эйсмант, ніякіх дадатковых захадаў, каб не дапусьціць заражэньня іншых гульцоў прэзыдэнцкай хакейнай каманды, не рабілі і рабіць ня будуць. Пасьля адпачынку каманда пачне трэніроўкі.