Міністэрства аховы здароўя апублікавала 17 красавіка ў сваім Telegram-канале афіцыйную статыстыку пашырэньня новага каранавірусу ў Беларусі.
Паводле міністэрства, на раніцу 17 красавіка:
- 4779 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі зарэгістраваныя агулам (міністэрства называе гэта колькасьцю «людзей з наяўнасьцю каранавіруснай інфэкцыі», уключае ў яе выпісаных і памерлых);
- 342 «паправіліся і выпісаліся», а агулам, як пазьней расказаў міністар здароўя, са стацыянараў выпісалі 582 чалавекі, якія мелі інфэкцыю або падазрэньні на яе;
- 42 памерлі, міністэрства сьцьвярджае, што памерлыя мелі «шэраг хранічных захворваньняў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй»;
- колькі хворых шпіталізавалі і колькі адправілі дамоў хворымі і перасталі паведамляць, але з ранейшых зьвестак можна зрабіць выснову, што на самаізаляцыю адправілі нейкую колькасьць інфікаваных, да 634 чалавек на 14 красавіка;
- колькі пацыентаў «маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх», у цяжкім і крытычным стане, не паведамляецца;
- з гэтага і з ранейшых зьвестак вынікае, што ў Беларусі зафіксавалі 575 новых выпадкаў і 2 сьмерці за дзень;
- у краіне ад пачатку эпідэміі праведзена 86 813 тэстаў у 24 лябараторыях, у тым ліку прыватных.
Днём раней міністэрства паведамляла пра 4204 выпадкі каранавірусу (476 выпадкаў за дзень), 40 памерлых.
Як пазьней расказаў міністар здароўя Ўладзімер Каранік, на раніцу 17 красавіка ў Беларусі з выяўленых 4779 выпадкаў:
- у Менску — 2308,
- у Віцебскай вобласьці — 1282,
- у Менскай вобласьці — 588,
- у Магілёўскай вобласьці — 217,
- у Гомельскай вобласьці — 193,
- у Берасьцейскай — 112,
- найменш у Горадзенскай — 79.
У Асіповічах пацьвердзілі 32 выпадкі COVID-19, зь іх 12 у мэдычных работнікаў (завёз адзін з мэдыкаў, які выяжджаў за межы гораду «ў бытавых умовах»). Усе ня ў цяжкім стане.
У Мядзельскім раёне 7 красавіка зафіксавалі інфэкцыю ў адным з санаторыяў, цяпер там пацьвердзілі 65 выпадкаў, зь іх 25 — мясцовыя жыхары. Цяжкіх выпадкаў няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двух «самаізаляваных» аштрафавалі, 419 мэдыкаў заразіліся. Міністар здароўя расказаў пра каранавірус у Беларусі. ВІДЭАЛекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. Хворых у лёгкай форме загадана выпісваць дамоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар здароўя загадаў выпісаць хворых на COVID-19 у лёгкай форме і лячыць іх дома ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: з наступнага тыдня трэба пачынаць вучыцца ў школах11 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя на брыфінгу расказала пра вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала да дадатковых захадаў дыстанцыяваньня і да скасаваньня масавых мерапрыемстваў, а таксама да «падрыхтоўкі да найгоршых сцэнароў».
На нарадзе зь міністрам аховы здароўя і шэрагам чыноўнікаў 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг выказваньняў пра пандэмію каранавірусу.
- «Гэты псыхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусьцілі рукі. І ў лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцё».
- «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ». І не паміраў.
- «Мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей» ад COVID-19.
- «У нас няма ніякай самаізаляцыі», «гэта фактычна амбуляторнае лячэньне».
- «Самаізаляцыя аж на 14 дзён» не патрэбна.
- «Мы дарогу да храма нікому не закрываем». «Я буду ў царкве. Гэта мая традыцыя. Я рэдка бываю, але на Раство і Вялікдзень я заўжды ў царкве».
- Беларускія СМІ «трэба кантраляваць». «І Камітэту дзяржбясьпекі больш жорстка тут, і міліцыі, і Мінінфарм няхай глядзіць за ўсімі».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.