15 расейскіх рабочых з будоўлі Астравецкай АЭС трымаюць у ізаляцыі ў Смаргонскай раённай лякарні.
Пра тое, што на будоўлі Астравецкай АЭС выявілі адразу 15 выпадкаў захворваньня на каранавірус, стала вядома 8 красавіка. Пра гэта расказаў міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Каранавірус дабраўся да БелАЭС. 15 грамадзян Расеі шпіталізавалі ў АстраўцыПа словах Караніка, усе яны знаходзіліся на 14-дзённым карантыне перад пачаткам працы на БелАЭС. Яны ўсе не пачыналі працаваць, а менавіта чакалі ў ізаляцыі, як і іншыя іншаземцы, якія прыяжджаюць для працы на будоўлі ў Астраўцы, падкрэсьліў міністар. Акрамя 15 шпіталізаваных у смаргонскую лякарню расейцаў, ізалявалі таксама каля 100 чалавек, якія мелі зь імі кантакт.
Гісторыю пракамэнтаваў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.
«Ці ж вось гэтыя 15 заражаных чалавек прыехалі зь Ніжняга Тагіла — гэта таксама дапамога Расеі? — сказаў міністар у інтэрвію парталу Tut.by. — Мы ўсіх вылечым, усім дапаможам, справімся з усім. Але хацелася б, каб, калі робяцца заявы, яны мелі пад сабой падставы».
11 красавіка на прэс-канфэрэнцыі з нагоды завяршэньня місіі САЗ у Беларусі міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік паведаміў, што сытуацыя з расейскімі будаўнікамі БелАЭС неадназначная. Іх паўторныя тэсты на каранавірус былі адмоўнымі. Расейцам зрабілі трэці тэст, вынікі якога пакуль невядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На БелАЭС шпіталізавалі 100 чалавек — кантактавалі з інфікаванымі каранавірусам расейцаміЯк стала вядома Свабодзе, усе 15 будаўнікоў пакуль застаюцца ў ізаляцыі ў інфэкцыйным аддзяленьні смаргонскай раённай лякарні (у Астраўцы такога аддзяленьня няма. — РС). Мясцовыя жыхары расказваюць пра эмацыйныя паводзіны расейцаў. Ля вокнаў інфэкцыйнага аддзяленьня пастаянна дзяжурыць нарад міліцыі. У лякарні Свабодзе адмовіліся камэнтаваць сытуацыю, аднак пацьвердзілі, што расейскія грамадзяне па-ранейшаму ў іх і пакуль невядома, як надоўга.
Таксама ў рэдакцыю трапіла некалькі відэазапісаў, аўтары якіх сьцьвярджаюць, што яны зробленыя ў інфэкцыйным аддзяленьні смаргонскага шпіталя расейскімі будаўнікамі. На відэа можна пабачыць некалькіх мужчын, адзін зь якіх называе сваё імя і эмацыйна размаўляе з супрацоўнікамі лякарні, якія спрабуюць узяць у яго аналізы.
«Хачу разьвеяць чуткі наконт гэтага каранавірусу ў Беларусі, — гаворыць аўтар роліка. — Мяне завуць Расьцягаеў Канстанцін. Я працую ў кампаніі „Сезам“. Мы прыехалі ў Беларусь 27 сакавіка. Адпрацавалі тыдзень, усё нармальна. Потым нас зь нейкіх незразумелых прычын адправілі на карантын на кватэры, на самаізаляцыю.
Там мы былі тры дні. Потым сярод ночы да нас уварваліся людзі ў масках, зь міліцыяй. Загадалі хапаць рэчы, ехаць. Прывезьлі невядома куды, нічога не тлумачылі. У Смаргоні. Закрылі ў палаце. Узялі паўторны аналіз, ён быў адмоўны. Потым яшчэ адзін, ён таксама адмоўны. Мы ляжым з хлопцамі, ні тэмпэратуры, ні кашлю. Ніякіх сымптомаў няма. Ніякіх аналізаў нам не паказваюць. Чытаем у інтэрнэце інфармацыю, што мы прывезьлі ў Беларусь вірус. Усё гэта брахня».
На другім роліку, які таксама даслалі ў рэдакцыю Свабоды, відаць, што супрацоўнікі лякарні ў ахоўных камбінэзонах спрабуюць узяць у расейскіх рабочых аналізы. Расейцы адмаўляюцца ад супрацы.
Зьвязацца з аўтарам ролікаў пакуль не атрымалася. Тэлефоны беларускага прадстаўніцтва кампаніі «Сезам», на якую працуюць расейцы, таксама маўчаць. У амбасадзе Расейскай Фэдэрацыі паабяцалі пракамэнтаваць сытуацыю, як толькі гэта будзе магчыма.