Аляксандра Дынько стала ляўрэаткай прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая

Андрэй Аляксандраў уручае дыплём Аляксандры Дынько. На заднім пляне — кіраўнік менскага бюро Радыё Свабода Валянцін Жданко

Кіраўніца аддзелу спэцыяльных карэспандэнтаў Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Дынько стала ляўрэаткай прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая 2020 году.

Прэмію заснавала інфармацыйная кампанія БелаПАН. Яе штогод уручаюць 9 красавіка — у дзень нараджэньня Алеся Ліпая (1966-2018) — журналістам, якія сумяшчаюць прафэсійныя дасягненьні з грамадзянскім дзеяньнем, спрыяючы разьвіцьцю мэдыйнага рынку і станаўленьню Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы.

Аляксандра Дынько

Андрэй Аляксандраў, журналіст і сябар Алеся Ліпая, нагадаў, што той быў ня толькі першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі, але і «першым выдатным мэдыямэнэджарам Беларусі, які на ганарары з радыё здолеў у 1991 годзе стварыць першую ў краіне незалежную інфармацыйную агенцыю».

«Паўтара года, як Алеся няма з намі, але летась мы зь сябрамі і калегамі вырашылі запачаткаваць прэмію ягонага імя. Назвалі яе „Гонар журналістыкі“, бо Алесь быў выдатным журналістам і носьбітам моцных журналісцкіх стандартаў. Ён таксама быў вялікім патрыётам, грамадзянінам, які імкнуўся зрабіць так, каб Беларусь стала нармальнай дэмакратычнай дзяржавай. Журналістаў, якія працягваюць гэтую справу, мы і ганаруем прэміяй», — сказаў Аляксандраў.

Дзьмітры Наважылаў і Аляксандра Дынько

Дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Дзьмітры Наважылаў дадаў, што прысуджэньне прэміі — рашэньне журналістаў агенцтва БелаПАН. «Мне асабіста прыемна, што памяць пра Алеся ў вашай асобе будзе захоўвацца», — зьвярнуўся ён да Аляксандры Дынько.

Аляксандра Дынько назвала вялікім гонарам атрыманьне прэміі «ад людзей, якія стваралі незалежную журналістыку ў Беларусі, ад агенцтва БелаПАН, якое застаецца непарушным прафэсійным стандартам усе апошнія дзесяцігодзьдзі».

«Таксама ўдзячная сваёй рэдакцыі. Радыё Свабода — гэта найвышэйшы ўзровень журналістыкі і журналістаў, які трэба штодня падтрымліваць. Сумна ў нас не бывае».

Паводля ляўрэаткі, цяпер складаны пэрыяд «для нас усіх, калі мы бачым, што наша праца важная».

«Журналістыка — гэта вакцына ад страху. Мы ведаем, што за словы ў Беларусі можна атрымаць пакараньне. Журналісты — гэта людзі, якія штодня бяруць на сябе сьмеласьць выказвацца, адказваць за свае словы, учынкі», — дадала Аляксандра Дынько.

Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук зачытаў верш Алеся Ліпая:

«Ня так, як воск па сьвечы цёк,
і не сьлязой па нечых скулах,
а зьнічкаю маё жыцьцё
праз вашы лёсы прамінула. —
Занадта хутка.
Я ня вы —
канаў жыцьцёвае заданьне:
даруйце, што ня ўсьпелі вы,
тым часам загадаць жаданьне».

«Алесь памыліўся, канешне. Мы пасьпелі. Першы карэспандэнт Радыё Свабода, і далей — першы, першы, першы. І сёньня, у дзень нараджэньня, Алесь зноў на Радыё Свабода», — сказаў Аляксандар Лукашук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Ліпай на Свабодзе

Першай ляўрэаткай прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая летась стала галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава.

Беларускі журналіст і паэт Алесь Ліпай, заснавальнік першага ў краіне недзяржаўнага інфармагенцтва БелаПАН, памёр 23 жніўня 2018 гадоў у Менску. Сёньня яму споўнілася б 54 гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запрацаваў сайт у памяць пра заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год без Алеся Ліпая. 10 фактаў пра паэта, журналіста, заснавальніка БелаПАН
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Ліпай. Вершы як уцёкі ад гвалту навінаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія нябёсы Алеся Ліпая
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Капітан маёй краіны». Аляксандар Лукашук пра Алеся Ліпая
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. «Без Алеся Ліпая немагчыма ўявіць Беларусь»