Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці. «Без Алеся Ліпая немагчыма ўявіць Беларусь»

абноўлена

Алесь Ліпай

23 жніўня ў Менску пасьля цяжкой хваробы памёр заснавальнік і дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай. Яму было 52 гады. Свабода запісала першую рэакцыю ягоных калег і сяброў.

«Апошнія падзеі не маглі прайсьці бязь сьледу»

Дзьмітры Наважылаў, выканаўца абавязкаў дырэктара кампаніі „БелаПАН“

«Мы ня ведаем падрабязнасьцяў. Пазваніла дачка спадара Алеся, паведаміла пра ягоную сьмерць і пра тое, што ў нядзелю будзе пахаваньне, — сказаў Свабодзе . — Апошнія падзеі (крымінальную справу супраць Алеся Ліпая і журналістаў агенцтва БелаПАН. — РС) ён вельмі цяжка перажываў. Гэта не магло прайсьці бязь сьледу. Два вялізныя перажываньні ён меў ва ўсёй гэтай гісторыі: за сябе і за калектыў — за БелаПАН, за белапанцаў. Мы плачам, мы смуткуем».

«Быў прыкладам шмат для каго​»

Юры Зісер, заснавальнік парталу Tut.by:

«Ён стаяў каля вытокаў незалежных мэдыя ў Беларусі. Быў прыкладам шмат для каго. Трымаўся малайцом усе гэтыя больш як 20 гадоў. Гэта вялікая страта для ўсёй журналісцкай супольнасьці. Яшчэ і ў такі момант судоў. У свой час Юры Шырокі, намесьнік Ліпая ў БелаПАН, памёр рана і раптоўна. Алесь жа таксама быў добрым паэтам, выдаваў кнігі. Зямля яму пухам».

«Немагчыма ўявіць Беларусь, у якой ня стала Алеся Ліпая»

Андрэй Аляксандраў, сябра Алеся Ліпая, супрацоўнік БелаПАН:

«Я ведаю ад ягоных сваякоў, што некалькі апошніх дзён Алесь быў у рэанімацыі. А яшчэ літаральна ў мінулы аўторак мы бачыліся на вечарыне салідарнасьці журналістаў у кавярні „Бітлджус“. Ён быў такі, якім мы яго запомнім назаўжды — жыцьцярадасны, узьнёслы, ён усьміхаўся, чытаў вершы, падтрымліваў калег. Уся наша агенцыя БелаПАН у шоку. Пра Алеся ўсе словы — толькі добрыя. Бо немагчыма ўявіць сьвет і Беларусь, у якой раптам ня стала Алеся Ліпая. Асабіста для мяне ён быў вельмі блізкім сябрам, калегам. Ён выдатны паэт. Гэта чалавек, пра якога немагчыма гаварыць у мінулым часе».

«Гэта была адна з канстантаў, апораў беларускага грамадзтва»

Андрэй Дынько, шэф-рэдактар выданьня «Наша Ніва»:

«Алесь Ліпай — гэта глыба. Маштаб такіх велічных фігур робіцца заўважным толькі пасьля іх сыходу. Празь нейкі час. Гэта была адна з канстантаў, апораў беларускага грамадзтва. Ягоная праца была не заўсёды публічная, не заўсёды заўважная, але яна была надзвычай важная. Алесь Ліпай зрабіў надзвычай шмат».

«Вялікае гора для журналістыкі»

Ёсіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар газэты «Народная Воля»:

«У гэты момант проста немагчыма знайсьці словы, каб напоўніцу ацаніць тое, што зрабіў Алесь. Бо ён зрабіў вельмі шмат і сышоў вельмі рана. І тое, што ён сыходзіць у 52 гады, гэта не выпадковасьць, бо журналісты і выдаўцы сёньня асабліва церпяць ад рэпрэсій і здрад. Ягоны сыход — вялікае гора для журналістыкі».

«Яго імя застанецца ў гісторыі Беларусі апошніх 30 гадоў»

Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна»:

«Мы былі знаёмыя вельмі даўно. З канца 1980-х гадоў, калі Алесь быў сябрам літаратурнага таварыства „Тутэйшыя“. Гэта быў час нашага грамадзянскага сталеньня, і трэба сказаць, што той запал ён ня страціў да апошніх дзён. І ў крытычныя гэтыя хвіліны, зьвязаныя з вобшукам, так атрымалася, што мы зноў былі разам. Гэтыя праблемы, якія яму стварыла беларуская дзяржава, у апошнія тыдні, у апошнія дні, якія, на жаль, аказаліся апошнімі ў яго жыцьці. Алесь быў вельмі добрым паэтам, шмат зрабіў для беларускай незалежнай журналістыкі. Але дзяржава „аддзячыла“ яму вось гэтай крымінальнай справай. Алесь сышоў вельмі рана. Ён мог яшчэ багата чаго зрабіць для Беларусі. Але і так зрабіў багата. Яго імя застанецца ў гісторыі Беларусі апошніх 30 гадоў».

«Служыць праўдзе, а не чыімсьці інтарэсам»

Франак Вячорка, крэатыўны дырэктар беларускай службы Радыё Свабода:

«У кожнага чалавека, мабыць, ёсьць сябра, які заўжды прыходзіць на дапамогу. Дык вось такім сябрам для мяне быў Алесь, нягледзячы на розьніцу ва ўзросьце і на тое, што мы бачыліся гады ў рады. Вось некалькі эпізодаў, калі Алесь прыходзіў на дапамогу.

  • Журфак БДУ, 2006 год, Мяне хочуць паслаць на практыку ў нейкую лукашэнкаўскую газэту. Алесь робіць паперу, гаворыць з кім трэба, і практыку я адбываю ў БелаПАН. Так Алесь стаў маім першым працадаўцам. Пасьля практыкі ў БелаПАНе застаюся, некалькі гадоў супрацоўнічаю, вырашаю застацца ў журналістыцы.
  • Празь некалькі гадоў. Салігорск, судзяць Шылу. Я прыехаў падтрымаць, нас усіх «павязалі». Алесь пастанавіў, што трэба мяне вызваляць, зрабіў паперу, што я быў на рэдакцыйным заданьні. Дзякуючы Алесю мяне вызвалілі і ня выгналі з журфаку.
  • Забралі ў войска. Алесь піша: «Не здавайся!». І дае трыбуну для «Армейскага дзёньніка». Вось што напісаў: «Мо Вы маглі б весьці для нас онлайн-дзёньнік? Давайце падумаем, як зрабіць Вашую службу менш прыемнай для іх :-)». Кожны тыдзень я дыктую праз тэлефон зацемкі пра дзедаўшчыну і гнілую бульбу ў казармах. Пасьля на аснове дзёньніка здымаецца фільм «Жыве Беларусь».

А яшчэ быў адзін ліст ад яго, які я не забуду. У ім ён піша: «Важна быць ня проста журналістам, а і чэсным чалавекам. І толькі гэткае спалучэньне дазваляе служыць праўдзе, а не чыімсьці інтарэсам».

Вось гэтае «служыць праўдзе, а не чыімсьці інтарэсам» — гэта пра Алеся Ліпая. Такім ён быў і такім я запомню яго назаўжды».​

«Беларушчына ў ім балела наскрозь»

Уладзімер Някляеў, паэт, пісьменьнік:

«Я апошнімі гадамі вылучыў яго для сябе як чалавека, прачытаўшы адзін зь ягоных вершаў. Гэта быў верш высокага палёту. Такія вершы выпадкова ня пішуцца. Яны патрабуюць тых якасьцяў, якія ёсьць у сапраўдных паэтаў. З гэтага моманту ён стаў для мяне блізкім чалавекам.

Ён меў талент мастака. Ягоныя фатаздымкі маюць наўпроставыя адносіны да мастацтва.

І меў за зьнешняй стрыманасьцю, усьмешлівай мяккасьцю вельмі рухомую і ранімую душу. Ён, як мала хто з тых людзей, якіх я блізка ведаў, перажываў за тое, што адбываецца зь Беларусьсю — за мову, за культуру, за ўсё, што ёсьць беларушчына. У ім гэта наскрозь балела. І яго, беларуса, паэта, мастака, у гэты час, калі Беларусі так патрэбныя такія людзі, ня стала.

Я ўжо не кажу пра агульнавядомае. Ён стварыў БелаПАН — інфармацыйны партал па-сапраўднаму насычаны, ураўнаважаны, бяз скрайнасьцяў і спробы пажаўцець ці афарбавацца іншым колерам. Ягоныя асабістыя якасьці ня могуць не выклікаць павагі. Згадаем тыя пытаньні, якія ягоныя журналісты задавалі на сустрэчах з кіраўнікамі цяперашнімі краіны, з тым жа Лукашэнкам. Ён прынцыпова адстойваў тыя пазыцыі, на якіх стаяў».

Алесь Ліпай пасьля ператрусу ва ўласнай кватэры 14 чэрвеня 2018
Алесь Ліпай пасьля ператрусу ва ўласнай кватэры 14 чэрвеня 2018

«Навошта яго дабівалі?»

Сьвятлана Калінкіна, журналістка, рэдактар, тэлевядучая:

«Алесь адзін з тых нямногіх людзей, а іх, напэўна, можна палічыць на пальцах адной рукі, дзякуючы каму адбылася незалежная журналістыка. Ён быў чалавекам, які сваім прыкладам паказваў, што яму цесна ў дзяржаўнай журналістыцы. Што гэта ня тое, чаго патрабуе сёньняшні час. Ён проста ня мог працаваць у дзяржаўнай журналістыцы, таму вельмі шмат зрабіў для незалежнай.

Многія яго праекты апярэдзілі час. Нагадаю, што Алесь ня толькі стварыў інфармацыйную кампанію БелаПАН і сайт «Навіны», але яшчэ напрыканцы 90-х — пачатку 2000-х спрабаваў выдаваць газэту «Отдыхай». Гэта толькі сёньня да гэтых праектаў дайшлі на нашым медыярынку — зьявіліся часопісы, сайты пра адпачынак, пра гэтую вялікую частку нашага жыцьця. А Алесь бачыў у гэтым пэрспэктыву яшчэ на пачатку 90-х. Ён спрабаваў стварыць радыёстанцыю, але не далі частоты.

Алесь — гэта чалавек, безь якога беларуская журналістыка была б значна-значна іншай. Пры гэтым ён ніколі не выпячваў сваю ролю. Ён быў такім сапраўдным беларусам, які шмат што робіць і ніколі асабліва пра гэта не расказвае.

Гэта вельмі вялікая страта. І сёньня ў мяне толькі адна думка ў сувязі з тымі падзеямі, якія былі, — вобшукамі, крымінальнай справай, заведзенай на яго, на супрацоўніц ягонай кампаніі. Навошта яго дабівалі? Ведаючы, што Алесь хварэе. Чаму так можа быць у нашай краіне?»

«Вечны-вечны дзякуй яму»

Ірына Халіп, журналістка:

«Я памятаю Алеся з 1985 году. Я вучылася на другім курсе журфаку, калі Алесь паступіў на першы. Памятаю вечарыну ў інтэрнаце БДУ на Кастрычніцкай вуліцы, дзе Алесь чытаў свае вершы. Я яшчэ тады падумала, які таленавіты хлопец. Вершы былі цудоўныя, пяшчотныя, лёгкія і зь нейкім асаблівым сылюэтам — такім паветраным-паветраным.

Потым мы вельмі часта сустракаліся, працавалі паралельна, але ў адным сэгмэнце. Мне яго заўжды прыемна было і чытаць, і бачыць, і слухаць. Ёсьць людзі, проста існаваньне якіх робіць атмасфэру вакол цёплай. Для мяне Ліпай быў адным з такіх людзей.

І яшчэ я ніколі не забуду, як мяне арыштавалі. Гэта быў сьнежань, напярэдадні Новага году. Тады Алесь Ліпай, ведаючы, што наш з Андрэем (Саньнікавым, кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году. — РС) сын Даня застаўся без бацькоў, зрабіў усё, каб дапамагчы маім бацькам і сыну. Дзед Мароз, які прыходзіў у тым сьнежні да Дані, быў ад Алеся Ліпая. І за гэта вечны-вечны дзякуй яму».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG