Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Ліпай. Вершы як уцёкі ад гвалту навінаў


Алесь Ліпай. «Абдымкі», кніга паэзіі». Менск, «Кнігазбор», сэрыя «Кнігарня пісьменьніка», выпуск 99, 2017. Наклад 500 асобнікаў.

Трымаю ў руках апошнюю кнігу Алеся Ліпая. «Абдымкі». Цьвёрдая вокладка. Малюнак: бусел пакідае гняздо. Любоўна падрыхтаваны тамок.

Здаецца, цяжка прыдумаць больш непрыдатнае месца для паэзіі, чым інфармацыйнае агенцтва. Твой дзень запаўняюць навіны, ён ператвараецца ў стужку навінаў. А яны ў нашых умовах, тым больш у недзяржаўным інфармацыйным агенцтве, часьцяком адмоўныя, бязьлітасныя, гвалтоўныя.

Аптыміст празь сілу

Ну як тады настройвацца на паэтычную хвалю? Максымум, што можа даць у гэтым разе карыснага твая праца — гэта пачуцьцё рытму. Рытм-рытмам. Аднак навала навінаў перапаўняе, бярэ ў палон. Няма ратунку. І так штодня. Гадамі. Алесь Ліпай знаходзіў для сябе паратунак у паэзіі. Нечакана, у ёй нямала лірыкі, у ёй Багдановічавы матывы. Але — і ўвесь гвалт жыцьця, жыцьця беларускага, усе цяжкія ягоныя пытаньні. Што прыгнятаюць, што не даюць быць аптымістам. І аптымістам даводзіцца змушаць сябе быць празь сілу, каб не зьняверыцца, каб трымаць сьцяг. І лірычны герой прызнаецца роспачна — «трызьню гэтаксама аб свабодзе, як і прашчур невядомы мой».

І трымае ў душы мару, каб нашчадкі таксама «марылі і мкнуліся да волі, як і продак невядомы іх». І невыносна думаць, «што распачнуць зноў вавілонскі стоўп і мова беларуская загіне». І просьба да Бога: «Дапамажы, — бо я не паміраю, а баюся». І другая просьба — «Забі мой страх! І выратуй краіну!»

Але ў жыцьці навакольным Бог не адзін, іх мноства: «і кожны — у вяночку зь церняў». А ў душах людзкіх калі нават любоў, «то рэдка яшчэ і шчасьце». І шмат людзей навокал, хто насамрэч ня верыць у Бога. І не сустрэта яшчэ аўтарам такіх, хто б ня верыў у д’ябла. Усе вераць у яго.

Алесь Ліпай
Алесь Ліпай

Той, хто раздае і адбірае дні

Лёс краіны і асабісты лёс. Яны зьвязаныя. Як нярэдка бывае: памірае заўчасна паэт, і ў радках, ім пакінутых, нечакана знаходзяцца фатальныя матывы, развагі аб сьмерці. Быццам паэт прадбачыць мог свой лёс. Так і ў выпадку Алеся Ліпая. Задумаўся аднойчы ён, што «Ёсьць нехта, хто людзям дні раздае». І — «Ёсьць нехта. Ён адбірае дні». І хочацца спадзявацца, «што гэта — розныя хтосьці».

Аднак зноў — нібы апанавалі думкі аб калегах па цэху, аб народзе, а сёньня выглядае -што і аб самім сабе:

«Забірае Бог паэтаў год ад году.
Забірае і бязродных, і Народных.
Дык, а як іначай? Гэтаму народу
мова продкаў сталася няроднай».

Пералік імёнаў — тых, чый век закончыўся, і — выснова, якая мае цепліць душу любога паэта:

«…Ну, пара.
Па вечных цёмных водах
сам вяслуючы ў адзеньні зрэбным
забірае Бог паэтаў у народа.
Бо Яму яны яшчэ патрэбны».

Так, нібы аб самім сабе таксама сказана было.

У народа забраў. І ў Айчыны, якой прызнаецца шчыра — «За цябе я на сьмерць гатоў!» Такой Айчыне, якая дала народу жаданьне жыць, якое мацнейшае за прагу волі… Напэўна сапраўды адна з роляў паэта — быць засяроджаным і на думках аб сваім будучым лёсе, аб яго трагічнасьці, што ёсьць і вершах Алеся. І пастаянна — узгадкі Бога:

«Ды Бог не дае забыцца, каго я
пакліканы быў бараніць, —
і ўгаворвае ахвяраваць сабою».

Навошта? «Каб суд супыніць». Страшны суд. Які пачынае выглядаць вышэйшай справядлівасьцю «у сьвеце, дзе гэтулькі зла і гвалту», якія пачынаюць успрымацца абыякава, будзённа — «як шахцёрам руда».

Рудой становіцца і штодзённая плыня навінаў. Але не зважаючы на гэта, паэт у душы ня можа не адчуваць боль за зло і гвалт, за чалавечыя лёсы, за Бацькаўшчыну». Такім нам запомніцца Алесь Ліпай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG