Аляксандар Лукашэнка 9 красавіка правёў сустрэчу зь міністрам надзвычайных сытуацыяў Уладзімерам Вашчанкам. Ён цікавіўся сытуацыяй з сухім надвор’ем і пажарамі, але згадаў таксама пандэмію каранавірусу.
«Як я ўжо казаў, мы такія людзі, што часам упромся ў нейкую адну праблему і забываемся, што ёсьць і іншыя», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Пасьля гэтага прэс-служба не перадае выказваньне Лукашэнкі простай мовай, але іх чуваць на відэа, якое апублікаваў ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі:
«Мы ўсе захварэлі на грып, назву яму новую прыдумалі, новы каранавірус і гэтак далей, не ўнікаючы ў сутнасьць, нават не параўноўваючы, што было ў мінулым годзе, што ў гэтым, — заявіў Лукашэнка. — А ў гэтым страшным годзе сытуацыя лепшая, чым летась, тое самае і з пнэўманіяй».
Ён паўтарыў, што ў барацьбе з каранавірусам «для нас найважнейшы элемэнт — гэта эканоміка», а каранавірус — «усё гэта сыдзе, яно ўжо сыходзіць, вы бачыце, у Эўропе што адбываецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дырэктар клінікі з Бостану зьвярнуўся да Лукашэнкі: не паўтарайце памылак ЗША!Паводле Лукашэнкі, на пажарах «у разы больш гіне», чым ад каранавірусу. Паводле статыстыкі МНС, пакуль у Беларусі адбылося нават крыху менш пажараў, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году (1615 супраць 1704 ад 1 студзеня па 9 красавіка), а ў надзвычайных сытуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару сёлета ўжо загінулі 219 чалавек.
«Натуральна, мы не адмаўляем, што з хваробамі трэба змагацца, і зь віруснымі таксама, — адзначыў Лукашэнка. — Надзвычайнага становішча няма. Таму міністэрства мы не прыцягваем».
Міністар Вашчанка ж, піша БелТА, паведаміў Лукашэнку, што ад МНС перадалі ў Мінздароўя зьвесткі аб сваіх магчымасьцях — тэхніцы, лекарах, абсталяваньні і ахоўных сродках, якімі можа скарыстацца Міністэрства аховы здароўя. У тым ліку магчыма выкарыстоўваць санітарную авіяцыю МНС для перавозкі пацыентаў.