Пандэмія каранавірусу падвысіла папулярнасьць Трампа і Джонсана

Дональд Трамп

Рэйтынг падтрымкі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа павысіўся, нягледзячы на жорсткую крытыку яго паводзінаў падчас пандэміі. Пра гэта паведамляе брытанская Financial Times.

Пандэмія каранавірусу павысіла рэйтынгі практычна кожнага з лідэраў 10 найбуйнейшых дэмакратый у сярэднім на 9 адсоткавых пунктаў. Такую выснову зрабіла брытанская газэта на падставе аналізу апытаньняў у розных краінах сьвету.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Папулярнасьць прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Борыса Джонсана павысілася больш, чым у кожнага зь іншых лідэраў.

Борыс Джонсан у самаізаляцыі падчас захворваньня каранавірусам

Джэф Картрайт, віцэ-прэзыдэнт сацыялягічнага цэнтру Morning Consult, сказаў, што натуральна, што рэйтынгі лідэраў будуць узрастаць, калі яны знаходзяцца ў цэнтры ўвагі падчас крызісу. «Ад таго, як пандэмія будзе разьвівацца, і ад яе канчатковага выніку, будзе залежыць, ці захаваецца гэтая падтрымка» — сказаў ён.

Рэйтынг падтрымкі прэмʼера Джонсана павысіўся на больш чым 25 адсоткавых пунктаў з пачатку 2020 года, ператварыўшы яго ў аднаго з самых папулярных лідэраў у дэмакратычным сьвеце.

Пасьля Джонсана ў найбольшай ступені павялічыліся рэйтынгі прэмʼер-міністра Індыі Нарэндра Модзі і прэзыдэнта Мэксыкі Андрэса Мануэля Лопэса Абрадора.

З пачатку году рэйтынг ухваленьня Дональда Трампа вырас на 5 адсоткавых пунктаў, гэта адзін з самых высокіх паказьнікаў яго рэйтынгу з часу, калі ў студзені 2017 году ён стаў прэзыдэнтам ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітоляг Фукуяма: У барацьбе з каранавірусам важныя не аўтарытарызм ці дэмакратыя, а давер да ўлады

Financial Times адзначае, што прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ЗША будуць асабліва засмучаныя тым, што рэйтынг Трампа павялічыўся, нягледзячы на яго крокі, якія некаторыя лічаць памылковымі, а таксама нягледзячы на той чыньнік, што ў ЗША зафіксавана больш выпадкаў захворваньня на каранавірус, чым у любой іншай краіне сьвету.

Прэзыдэнт ЗША першапачаткова ставіў пад сумнеў небясьпеку захворваньня, параўноўваючы яго з сэзонным грыпам, яшчэ два тыдні таму ён адмаўляўся дамагацца ажыцьцяўленьня прынцыпаў сацыяльнай дыстанцыі. Дэмакратка Нэнсі Пэлосі, сьпікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША заявіла, што прамаруджваньне з рашучымі дзеяньнямі з боку Трампа каштавала жыцьцяў амэрыканцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хакейны матч Лукашэнкі і чумны барак Напалеона

Мухамэд Юніс, галоўны рэдактар выданьня сацыялягічнага цэнтру Gallup падкрэсьліў, што рэйтынг прэзыдэнта Трампа павялічыўся ня толькі сярод рэспубліканцаў, але і сярод дэмакратаў і незалежных выбаршчыкаў.

Падчас крызісу павялічыліся таксама рэйтынгі канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона.

Financial Times прыгадвае, што пасьля тэракту 11 верасьня 2001 году рэйтынг тагачаснага прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага складаў 84%. І толькі праз два гады балянс станоўчых і адмоўных ацэнак Буша схіліўся ў бок адмоўных ацэнак.

«Прыклад Джорджа Буша паказвае, што такія рэчы доўжацца і доўжацца даволі доўга, — сказаў Цім Бэйл, прафэсар палітычных навук ва ўнівэрсытэце каралевы Марыі — Але нічога не доўжыцца вечна».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ