Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг Фукуяма: У барацьбе з каранавірусам важныя не аўтарытарызм ці дэмакратыя, а давер да ўлады


Фрэнсіс Фукуяма
Фрэнсіс Фукуяма

Усясьветна вядомы амэрыканскі палітоляг Фрэнсіс Фукуяма скрытыкаваў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Ён лічыць рэакцыю Трампа на пандэмію COVID-19 няўмелай і запозьненай.

У сваім артыкуле, апублікаваным у часопісе The Atlantic, палітоляг праводзіць тэзіс, што эфэктыўнасьць сёньняшняга змаганьня з каранавіруснай пандэміяй у розных краінах вызначаюць не адрозьненьні ў палітычных сыстэмах, а давер грамадзянаў да ўлады.

Фукуяма піша:

«Калі ў студзені сёлета ў Кітаі была лякалізавана пандэмія каранавірусу, многія людзі сьцьвярджалі, што аўтарытарная сыстэма Кітаю блякуе паток інфармацыі пра сур’ёзнасьць сытуацыі. (…) Цяпер сытуацыя выглядае менш вясёлай для дэмакратычных сыстэмаў. Эўропа сутыкаецца з большым цяжарам захворваньняў, чым Кітай — колькасьць выпадкаў сьмерці толькі ў Італіі перавышае лік афіцыйна зарэгістраваных сьмерцяў у Кітаі, нягледзячы на тое, што колькасьць насельніцтва ў Італіі ў 20 разоў меншая, чым у Кітаі.

Як выяўляецца, лідэры многіх дэмакратый адчуваюць падобны ціск, які вымушае іх прымяншаць небясьпеку ад эпідэміі — каб пазьбегчы шкоды для эканомікі ці каб абараніць свае асабістыя інтарэсы. Гэта тычылася ня толькі бразыльскага прэзыдэнта Жаіра Балсанару ці мэксыканскага Лопэса Абрадора, але і прэзыдэнта Дональда Трампа, які да сярэдзіны сакавіка працягваў настойваць на тым, што ў ЗША захворваньне пад кантролем і што эпідэмія ў хуткім часе зьнікне. Гэта тлумачыць, чаму ЗША страцілі два месяцы падрыхтоўкі да наступу інфэкцыі, стварыўшы трывалы дэфіцыт камплектаў для тэставаньня і мэдыкамэнтаў. Кітай тым часам паведамляе пра спыненьне росту новых выпадкаў».

Палітоляг ставіць свой галоўны дыягназ:

«Калі пандэмія спадзе, я падазраю, што нам давядзецца адмовіцца ад простых дыхатаміяў. Асноўная мяжа ў эфэктыўным рэагаваньні на крызіс будзе пралягаць не паміж аўтакратыямі і дэмакратыямі. (…) Вызначальным фактарам эфэктыўнасьці будзе ня тып рэжыму, а патэнцыял дзяржавы і, перш за ўсё, давер да ўраду. (…) У дэмакратыі ня менш, чым у дыктатуры, грамадзяне павінны верыць, што выканаўчая ўлада ведае, што яна робіць. І гэтага даверу, на жаль, менавіта ў Амэрыцы сёньня не хапае».

І тлумачыць, чаму ён так думае:

«Прэзыдэнт Трамп працягвае прыніжаць і падрываць органы, якія ён лічыць варожымі: выведную супольнасьць, Дэпартамэнт юстыцыі, Дзяржаўны дэпартамэнт, Раду нацыянальнай бясьпекі, нават Нацыянальную акіянаграфічную і атмасфэрную адміністрацыю. (…) [У кадравай палітыцы] адміністрацыя паставіла асабістую ляяльнасьць значна вышэй за кампэтэнтнасьць. Здаецца, Трамп знаходзіцца на шляху да выцясьненьня на ўзбочыну і дырэктара Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных хвароб Энтані Фаўчы, які карыстаецца вялікім даверам, бо Фаўчы публічна выказвае зь ім нязгоду».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG