«Лібэрал і рэфарматар» Кірыл Руды пакінуў дзяржслужбу. Чым ён запомніўся

Кірыл Руды

Былы прэзыдэнцкі дарадца ў эканамічных пытаньнях і амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды сышоў зь дзяржаўнай службы і стаў незалежным дырэктарам праекту банку «БелВЭБ» Finstore.by. Гэта ён пацьвердзіў парталу Tut.by.

Экспэрты лічылі Рудога найбольш лібэральным беларускім чыноўнікам, а адзін зь лідэраў «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў нават называў яго прадстаўніком «партыі рэфарматараў ва ўладзе».

Свабода сабрала, чым ён яшчэ запомніўся.

Крытыкаваў дырэктыўнае разьмеркаваньне рэсурсаў

Кірыл Руды нарадзіўся ў 1978 годзе, у 2000-м скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт (БДЭУ). У 23 гады абараніў у альма-матэр кандыдацкую дысэртацыю пра валютнае рэгуляваньне і працаваў намесьнікам дэкана факультэту фінансаў і банкаўскай справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі хочаце хутка, то лепш эмігруйце». Кірыл Руды пра тое, як беларусам пабудаваць багатую краіну

У 2007–2012 гадах займаў пасаду дарадцы ў гандлёва-эканамічных пытаньнях амбасады Беларусі ў Кітаі. У 2012-м абараніў доктарскую дысэртацыю аб праблемах сусьветнай эканомікі і міжнародных фінансах.

Ад чэрвеня 2013-га стаў памочнікам прэзыдэнта ў эканамічных пытаньнях. На пасадзе дазваляў сабе досыць крытычныя заявы. Напрыклад, у кнізе «Фінансавая дыета», выдадзенай у пачатку 2016 году, сьцьвярджаў, што «дырэктыўнае разьмеркаваньне рэсурсаў не прыносіць дзяржаве жаданага фінансавага і эканамічнага эфэкту».


Выступаў за стварэньне «індустрыяльнага афшору»

У тым жа годзе быў прызначаны амбасадарам Беларусі ў Кітаі. У гэтай ролі актыўна лабіяваў пашырэньне ролі індустрыяльнага парку «Вялікі камень» — пераконваў, што яго варта трансфармаваць у «індустрыяльны афшор». На перакананьне Рудага, рэзыдэнтам неабходна адкрыць доступ на глябальныя рынкі збыту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Руды прапануе стварыць у Беларусі індустрыяльны афшор. Што гэта такое?

Быў староньнікам таго, каб парк, застаючыся беларускім, атрымаў уласны прававы статус, як Ганконг у Кітаі і мог самастойна заключаць дамовы аб свабодным гандлі з ЭАЭС, Эўразьвязам, КНР, ЗША і г. д. Зрэшты, праз залішнюю забюракратызаванасьць ідэя так і засталася на паперы.

Нівэляваў «фобіі» замежнага бізнэсу пра інвэстыцыі ў Беларусь

Актыўна змагаўся за тое, каб нівэляваць «фобіі», якія ёсьць у іншаземцаў адносна інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі. У першую чаргу, адзначыў ён, трэба максымальна спрасьціць рэгістрацыю бізнэс-структур. Па-другое, увесьці мараторый на праверкі інвэстараў. Па-трэцяе, павысіць экалягічныя нормы да вышэйшай адзнакі па аналёгіі з Эўразьвязам.

Нягледзячы на ягоныя высілкі, Беларусь па-ранейшаму ўспрымаецца за мяжой як зона падвышанай эканамічнай рызыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры зьмены да лепшага, якія ўгледзеў Кірыл Руды, вярнуўшыся ў Беларусь

Гэтыя ды іншыя пастуляты былі выкладзеныя ў ягонай другой кнізе «Таму што так вырашылі мы». Зноў казаў пра жыццёва неабходныя рэформы, папярэджваючы, што «заходні касьцюм трэба адрозьніваць ад заходніх мазгоў».


Заклікаў адмовіцца ад культурных асаблівасьцяў з савецкім налётам

Акрамя эканомікі, прасоўваў беларускую нацыянальную ідэю. У 2018 годзе дамогся адкрыцьця помніка Якубу Коласу ў Т’яньдзіньскім унівэрсытэце замежных моваў, а яшчэ праз год спрычыніўся да помніка іншаму клясыку Янку Купалу. Чытаў лекцыі пра Беларусь кітайскім студэнтам і школьнікам, фатаграфаваўся ў нацыянальных строях і прыхільна выказваўся пра беларускую мову.

Пры гэтым заклікаў землякоў адмовіцца ад «культурных асаблівасьцяў з савецкім налётам», якія замінаюць сусьветнай інтэграцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі адкрылі бюст Якубу Коласу — першы беларускі помнік у краіне

Зрэшты, ня ўсе аналітыкі лічылі Кірыла Рудага сапраўдным «лібэралам і рэфарматарам». Так, эканаміст Міхал Залескі ў інтэрвію Свабодзе казаў, што вэртыкаль улады ў Беларусі збудаваная такім чынам, каб кантраляваць непатрэбную актыўнасьць падначаленых. Таму нават пры шчырым жаданьні нешта зьмяніць Руды ніяк ня змог бы рэалізаваць свае дэкляраваныя задумы.