Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Руды прапануе стварыць у Беларусі індустрыяльны афшор. Што гэта такое?


Кірыл Руды

У Беларусі парк «Вялікі камень» варта трансфармаваць у індустрыяльны афшор, заявіў у інтэрвію БелаПАН амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.

На думку Рудага, рэзыдэнтам парку «Вялікі камень» неабходна адкрыць доступ на глябальныя рынкі збыту.

Ён пацьвердзіў, што цяпер у дзяржаўных органах разглядаюць пытаньне аб новых напрамках разьвіцьця індустрыяльнага парку «Вялікі камень», і асабіста ён падтрымлівае ідэю трансфармацыі парку ў індустрыяльны афшор. Фармулёўку «індустрыяльны афшор», паводле Рудага, яму ўпершыню падказаў Міхаіл Мясьніковіч. Ідэя простая і нацэленая на адкрыцьцё для парку новых рынкаў.

«Гэта не клясычны афшор (краіна ці тэрыторыя з адмысловымі ўмовамі вядзеньня бізнэсу для замежных кампаній, сярод якіх нізкія ці нулявыя падаткі, простыя правілы карпаратыўнай справаздачнасьці і ўпраўленьня і інш. — РС), таму патрабуе юрыдычнай прапрацоўкі: трэба, каб парк, застаючыся беларускім, атрымаў фактычна ўласны прававы статус (як Ганконг у Кітаі) і мог самастойна заключаць дамовы аб свабодным гандлі з ЭАЭС, Эўразьвязам, КНР, ЗША і гэтак далей», — растлумачыў Руды.

Чым большым у рэзыдэнтаў парку будзе рынак збыту, тым больш інвэстыцыяў прыйдзе ў «Вялікі камень», дадаў амбасадар.

На думку дыплямата, стварыць для парку рэжым свабоднага гандлю з КНР, Эўразьвязам, іншымі краінамі цалкам рэальна.

«Ён павінен адрозьнівацца ад рэалій Беларусі і нашага рэгіёну. Інакш навошта ён? Калі глядзець у будучыню парку, то пакуль відаць нацыянальныя і рэгіянальныя рызыкі, наш рынак недастатковы для разьвіцьця парку, а рынак ЭАЭС усё часьцей становіцца непрадказальным», — сказаў Руды.

Паводле амбасадара, сёньня, калі прапрацоўваецца зона свабоднага гандлю паміж ЭАЭС і КНР, ідэя стварэньня рэжыму свабоднага гандлю беларускага індустрыяльнага парку з Кітаем магла б стаць рабочым экспэрымэнтам; акрамя таго, гэтую тэму якраз рэальна абмяркоўваць падчас ўступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG