Жыхары райцэнтру Лельчыц Гомельскай вобласьці паведамілі Свабодзе, што зь іх райцэнтру і суседняй вёскі праз каранавірус забралі каля сотні чалавек.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Абноўлена 14:29. Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Гомельскай вобласьці пацьвердзіў 5 зарэгістраваных выпадкаў захворваньня каранавіруснай інфэкцыяй. 4 зь іх працягваюць лячэньне.
Учора афіцыйна пацьвердзілі COVID-19 толькі ў дырэктара адной з гаспадарак. Як стала вядома ад інфармаванай крыніцы Свабоды, сёньня каранавірус пацьвердзілі ў пяці жыхароў вёскі.
Пра сытуацыю ў райцэнтры Свабодзе расказаў адзін зь мясцовых жыхароў, які прасіў не называць ягонага імя. Паводле крыніцы, у нядзелю і панядзелак (29 і 30 сакавіка) зь Лельчыц і вёскі пад імі вывозілі «кантактаў першага ўзроўню» дырэктара гаспадаркі. У іх лік трапілі і супрацоўнікі райвыканкаму — упраўленьня сельскай гаспадаркі на чале з начальнікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Лельчыцах з падазрэньнем на каранавірус забралі дырэктара гаспадаркі і супрацоўнікаў райвыканкаму«Дырэктар гаспадаркі прысутнічаў на плянэрках у райвыканкаме. І сам праводзіў нарады ў калгасе. Каля 60 чалавек павезьлі на Гомель, каля 30 засталіся ў Лельчыцах. Сытуацыя складаная тым, што мясцовыя мэдыкі кантактавалі зь ім, дырэктарам, бяз сродкаў аховы, і цяпер яны таксама ў групе рызыкі, працаваць няма каму. Таму працуюць яны — хоць цяпер у ахоўных касьцюмах», — паведаміў жыхар райцэнтру.
Ён дадаў, што яшчэ ўчора 30 сакавіка вядома было пра тры пацьверджаныя выпадкі каранавірусу. Усе заражаныя — жыхары вёскі, якія працуюць у гэтай гаспадарцы. Раніцай 31 сакавіка стала вядома, што цяпер пяць чалавек — работнікі гаспадаркі — маюць станоўчы аналіз на каранавірус.
У Гомельскім аблвыканкаме Свабодзе паведамілі, што на гэты момант ня маюць інфармацыі.
«Усю інфармацыю, якую мы маем, разьмяшчаем на сайце раённай газэты і выканакаму», — сказала карэспандэнту Свабоды намесьніца старшыні Лельчыцкага райвыканкаму Натальля Шышканава. Новай інфармацыі на пазначаных сайтах мы не знайшлі.
Атрымаць камэнтар у Міністэрстве аховы здароўя Свабодзе не ўдалося.