Актывісты ўкраінскай грамадзкай арганізацыі «Інсайт» вырашылі падаць у суд на ганаровага патрыярха Праваслаўнай царквы Ўкраіны Філарэта, які назваў у ліку прычынаў пандэміі каранавірусу «найперш аднаполыя шлюбы», расказвае тэлеканал «Настоящее время».
Філарэт — 91-гадовы былы патрыярх Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, які адмовіўся скласьці зь сябе паўнамоцтвы пасьля аб’яднаньня ўкраінскіх праваслаўных у адзіную царкву, спрабаваў склікаць альтэрнатыўны ПЦУ сабор у Кіеве. Цяпер ён мае пасаду ганаровага патрыярха ПЦУ, але ягоны канфлікт зь дзейным кіраўніком ПЦУ дагэтуль ня вырашаны.
У эфіры ўкраінскага «4 каналу» 19 сакавіка патрыярх Філарэт заявіў, што «эпідэмія — гэта пакараньне Божае за грахі людзей», бо людзі «адкрыта дабро не абараняюць, а абараняюць зло, і ня толькі яго абараняюць, а і распаўсюджваюць». Пад гэтым, казаў ён, найперш маюцца на ўвазе аднаполыя шлюбы, а таксама тое, што «дзяцей вучаць выбіраць сабе пол». Сам ён верыць, што яго каранавірус не зачэпіць, бо «Госпад не дапусьціць», і таму ня стане адмяняць багаслужэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка заявіў, што «ня верыць у каранавірусы». ВІДЭААктывісты «Інсайт» паведамілі, што падаюць на яго ў суд, бо «Філарэт, будучы публічнай асобай, мае вялікі ўплыў на людзей, якія належаць да рэлігійнай супольнасьці, і ягоныя словы могуць падбухторваць да дыскрымінацыі, распаўсюду стыгматызацыі і пераходу да гвалтоўных дзеяньняў».
Цяпер юрысты разглядаюць некалькі варыянтаў позвы: або супраць дыскрымінацыйных заяваў, або супраць паклёпу, або ў абарону гонару і годнасьці. У «Інсайт» кажуць, што пытаньне не ў маральнай шкодзе ці грашах, а ў тым, каб «людзі выбачаліся за свае словы і зьняпраўдзілі недакладную інфармацыю».